Генадзь Хоміч: Слонімскі раён пакрыўджаны…
У Слоніме адбылася сесія Слонімскага раённага Савета дэпутатаў, на якой разглядаліся стан і перспектывы турыстычнай інфраструктуры Слонімскага раёна.
Старшыня Слонімскага раённага Савета дэпутатаў Алег Таргонскі адзначыў, што Слонімшчына мае вялікі турыстычны патэнцыял, але ён не выкарыстоўваецца на карысць раёна. Старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч сказаў, што Слонімскі раён сёння, у параўнанні з іншымі раёнамі, нейкі пакрыўджаны. Раён павінен прыцягваць турыстаў, а гэтага няма.
“У Слоніме не хапае гасцініц, а ў параўнанні са Шчучынскім, Зэльвенскім, Мастоўскім раёнамі, у Слонімскім раёне амаль адсутнічаюць аграсядзібы. Чаму так?.. У чым справа?.. Людзі не хочуць займацца агратурызмам… А ў нас шмат пустых памяшканняў на тэрыторыі раёна, пустых будынкаў школ у сельскай мясцовасці, але людзі не жадаюць ствараць аграсядзібы…”, — сказаў старшыня Слонімскага райвыканкама Генадзь Хоміч.
Сапраўды, Слонімшчына мае багатую гісторыю. Тут нарадзілася шмат знакамітых людзей, на тэрыторыі раёна знаходзяцца Жыровіцкі манастыр, сядзіба Пуслоўскіх у Альбярціне, шмат помнікаў прыроды. Сюды штогод маглі б ехаць тысячы турыстаў, ад наведвання якіх папаўняўся б бюджэт горада. На жаль, гэтага сёння няма.
Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён