Гарадзенскія палякі змагаюцца з русіфікацыяй
Бацькі дзяцей, што навучаюцца ў польскай школе №36 у Гародні, сустрэліся з віцэ-старшынёй дэпартамента спраў агульнай і сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі Ірынай Каржовай.
Сустрэча адбылася ў адказ на ліст бацькоў, у якім яны выказалі занепакоенасць магчымай ліквідацыі польскай школы, бо паводле новага закону ў школе ўсе прадметы будуць выкладацца на адной з дзяржаўных моваў, польская ж застанецца толькі ў якасці асобнага прадмета навучання.
Кажа прадстаўнік бацькоўскага камітэта Веслаў Кеўляк:
– Дыялог, які адбыўся ў польскай школе ў Гародні, лічу канструктыўным. Сам факт прыезду чыноўніка з Міністэрства адукацыі Беларусі ў Гародню сведчыць пра тое, што наш ліст атрымаў рэзананс. Спадзяемся, што да нашага голасу, голасу бацькоў, дзякуючы якім увогуле існуе польская школа, бо мы аддаем дзяцей у польскія школы, улада павінна прыслухацца, мы на гэта спадзяемся.
Веслаў Кеўляк таксама адзначыў, што бацькі перакананыя ў тым, што змены заканадаўства пагражаюць русіфікацыяй польскай школы. Таму многія з іх падпісалі пад лістом пратэсту.
Беларускае Радыё Рацыя