Пра шакспіраўскія жарсці



Проста шакспіраўскія жарсці разыгрываюцца ў некаторых раёнах Беларусі. Атэла і Дэздэмона адпачываюць. Шкада, англійскага класіка няма ў жывых. Ён бы дакладна напісаў чарговую трагедыю, якая б заваявала ўвесь свет. Як модна цяпер рабіць, яна б называлася прыкладна так: Атэла-2, чачэрскі беларус. Менавіта ў гэтым населеным пункце мужчына ледзь не адрэзаў палец былой жонцы за тое, што тая не начавала дома. “Ці начавала ты дома, жана мая?” Пасля чаго жыхар Чачэрска вырашыў разыграць не класічную трагедыю, а ўзяў нажніцы па метале і спрабаваў імі адрэзаць палец былой жонцы. Аднак тая, на шчасце, змаглі ўцячы. Мужчыне пашанцавала: яго ўсяго толькі аштрафавалі на 960 рублёў. А вось жанчыне цяпер не вядома, дзе жыць, бо яна з беларускім Атэла знаходзіцца пад адным дахам: яны хоць і разведзеныя, але жывуць разам.

Другі выпадак, варты шакспіраўскага пяра, адбыўся ў Менску. Там ужо мае месца не рэўнасць, а каханне. Жыхарка сталіцы абрала незвычайны спосаб дабіцца кахання ад мужчыны. Распачала яна барацьбу з таго, што вырашыла адправіць у турму ягоную жонку. Дзеля гэтага яна разаслала лісты нібыта ад той жанчыны з прызнаннем пра датычнасць да гандлю наркотыкамі. Ведаючы, як у нашай краіне ставяцца да гэтага артыкула, жанчыне проста пашанцавала, што яе насамрэч не адправілі ў турму. Нават наадварот: паклёпніцу спаймалі. І цяпер ёй пагражае 3 гады пазбаўлення волі за лжывы данос. А вось ці атрымалася ёй такім незвычайным спосабам заваяваць сэрца мужчыны, гісторыя замоўчвае.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ