Расце экспарт беларускіх тавараў у Польшчу



З Беларусі ў Польшчу экспарт расце, з Польшчы ў Беларусь – змяншаецца. Пра гэта ў кулуарах 5-га Усходняга эканамічнага кангрэса, што праходзіць ў Беластоку, – паведаміў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў Польшчы Аляксандр Авяр’янаў. Асноўныя пазіцыі беларускага экспарту ў Польшчу – гэта нафтапрадукты, звадкаваны газ, металапрадукцыя, калійныя і азотныя ўгнаенні і іншае. Тлумачыць беларускі пасол:

– Экспарт узрастае і разлічваем на  тое, што будзе расці і далей. Бо вынікі статыстыкі паказваюць, што на 30% узрос наш беларускі экспарт. Крыху знізіўся імпарт з боку Польшчы, але, думаю, што гэта часовая з’ява. Таму што наш гандаль збалансаваны. А так, калі гаварыць пра лічбы, 1 млрд 700 млн – наш тавараабарот з Польшчай па выніках васьмі месяцаў.

У параўнанні з мінулым годам, па выніках 2017 года, аб’ём беларуска-польскага гандлю склаў 2 мільярды 400 мільёнаў долараў ЗША. Гэта на 423 мільёны долараў больш, чым у 2016 годзе.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток