Аштрафавалі за футболкі „Прэч атруту, не – заводу! Гаспадарыць тут народу!”



Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу Сяргей Пятрухін і Канстанцін Астапук аштрафаваныя  за парушэнне правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў.

Адпаведныя рашэнні агучылі суддзі Суда Ленінскага раёна Берасця Семянчук і Каліна. Каментуе праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

– Суд чарговы раз паказаў тое, што міліцыянты нахабна хлусяць. Яны нават свае словы не могуць пацвердзіць тымі відэазапісамі, якія самі ж рабілі. Чамусьці яны не адкрываюцца. А па-другое, вядома, што зараз супрацоўнікі міліцыі не ахоўваюць грамадскі парадак, а выконваюць загады свайго кіраўніцтва па ўтаймаванні пратэстаў супраць акумулятарнага заводу.

Такім чынам, Пятрухін аштрафаваны на 45, а Астапук – на 14 базавых велічынь. Акрамя таго, на Астапука склалі пратакол за парушэнне правілаў дарожнага руху і непадпарадкаванне, якое нібыта мела месца пры затрыманні.

Нагадаем, падзеі адбываліся адразу пасля нядзельнай акцыі па „кармленні галубоў” на плошчы Леніна. Праваабаронцы лічаць, што арыенцірам для рэпрэсіяў сталіся футболкі з надпісам „Прэч атруту, не -заводу! Гаспадарыць тут народу!”, у якія былі апрануты Астапук і Пятрухін. У судзе адбылася спрэчка паміж супрацоўнікамі Ленінскага РАУС і Астапуком, калі тыя ўручалі яму позву па факце нібыта „непадпарадкавання”.

Поўны гук у далучаным гукавым файле:

[Not a valid template]

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.