Арменія зноў на парозе рэвалюцыі



З траўня гэтага года ў армянскай палітыцы з’явіўся новы гулец, меркаванне якога не могуць ігнараваць улады. Гаворка ідзе пра армянскі народ, які дэманструе цуды надзвычай высокай мабільнасці і згуртаванасці. Дзясяткі тысяч армянаў паказалі ўсяму свету, што ліміт аксамітных рэвалюцый не вычарпаны, што дагэтуль мірны супраціў можа быць вельмі эфектыўным у справе абароны дэмакратыі.

У траўні армяне не дазволілі прадстаўнікам “карабахскага клану” на чале з Сержам Саргсянам захаваць свае пасады. Тады на хвалі народнай падтрымкі да ўлады прыйшоў апазіцыйны палітык Нікол Пашынян. Ніхто нават уявіць не мог, што марш пратэсту прыхільнікаў Пашыняна, які пачынаўся з горада Гюмры, перарасце ў дэмантаж папярэдняй сістэмы, замену кіраўніцтва краіны і пачатак рэформ. На ўсе спробы контррэвалюцыі блакаваць ініцыятывы народнага любімца нервова рэагавала вуліца. Паступова з новым фактарам ціску няхоцькі змірылася былая ўлада, якая па-ранейшаму кантралюе ключавыя пасады ў краіне і дамаглася стварэння антыпашынянаўскай кааліцыі ў парламенце.

Усё-такі страх за сваю будучыню – моцны чыннік пераменаў у любой краіне. Калі на вуліцы стаіць раз’ятраны натоўп, то гэта адразу прачышчае мазгі людзям, якія яшчэ ўчора плявалі на інтарэсы народа з высокай званіцы. У самы пік пратэстаў супраць Сержа Саргсяна некалькі буйных парламенцкіх партый Арменіі, якіх цяжка было аднесці да кола прыхільнікаў Нікола Пашыняна, амаль адзінагалосна падтрымалі новага лідара. Дзякуючы ім стала магчымым абранне рэвалюцыйнага правадыра на пост прэм’ер-міністра. Але сітуацыя стабілізавалася, разам з ёй і мінімізаваліся страхі прадстаўнікоў “Рэспубліканскай партыі” і нацыяналістаў з “Дашнакцуцюн”. Галасоў гэтых дэпутатаў і блоку “Царукян” хапіла, каб большасцю на пазачарговым пасяджэнні ўхваліць змены ў законе “Пра рэгламент Нацыянальнага сходу”. Праўкі дазволілі дэпутатам застрахавацца ад магчымага роспуску парламенту і перанесці на нявызначаны тэрмін новыя выбары. Справа ў тым, што, згодна цяперашняму заканадаўству, адстаўка прэм’ер-міністра і невылучэнне новага кандыдата на гэтую пасаду цягам 2 тыдняў аўтаматычна вядзе да правядзення новых выбараў. Гэтага і дабіваецца Нікол Пашынян, які імкнецца перафарматаваць парламент у выніку выбарчага працэсу. Ён гатовы сысці з пасады, каб праз паўмесяца быў абраны новы дэпутацкі корпус, які і вылучыць новую кандыдатуру прэм’ер-міністра. Сакрэтам полішынэлю з’яўляецца тое, што заняць гэтую пасаду імкнецца зноў Нікол Пашынян, які карыстаецца высокай падтрымкай армянскага насельніцтва. Як толькі парламент прыняў антыпашынянаўскія праўкі, на заклік лідара адгукнуліся жыхары Ерэвана. За некалькі гадзін прысутнасць натоўпу пераканала дэпутатаў у неабходнасці перавыбараў. Гэта часова супакоіла людзей, але паказала, што супрацьстаянне ў Арменіі толькі пачынаецца.

Абранне іншага складу парламента, які будзе ў большай ступені лаяльны да Нікола Пашыняна, азначае большую эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання і магчымасць хуткага правядзення неабходных для Арменіі рэформ. Разам з тым, існуе вялікая пагроза ўзурпацыі ўлады ў руках народнага любімца, які, нягледзячы на высокі рэйтынг падтрымкі, пакуль што абмежаваны ў сваіх дзеяннях. Наяўнасць у структуры ўлады апазіцыі якраз прывучае лідараў дамаўляцца паміж сабой, улічваючы інтарэсы розных груп уплыву. Зрэшты, і рэкордная падтрымка – не заўжды на карысць кіраўніку дзяржавы. Высокі ўзровень чаканняў вядзе да хуткага расчаравання ў выніку павольнага выканання абяцанняў. Відаць, разумеючы гэта, Пашынян і намагаецца скарыстацца момантам, бо потым будзе позна.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ