Свята паэзіі да 220-годдзя з дня нараджэння Міцкевіча пройдзе ў Наваградку
Міжнароднае свята паэзіі „О Навагрудскі край – мой родны дом …”, прысвечаны 220-годдзю з дня нараджэння Адама Міцкевіча, пройдзе ў Наваградку 5-7 кастрычніка.
Дзіцячыя і юнацкія гады паэта прайшлі на Наваградчыне. У гэтым годзе тут праводзіліся розныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да знакавай даты. Нямала цікавых падзей і сустрэч падрыхтавана і для гасцей маючага адбыцца свята.
5 кастрычніка адбудзецца навукова-практычная канферэнцыя з удзелам вядучых гісторыкаў, філолагаў, супрацоўнікаў музеяў, культуролагаў і іншых спецыялістаў, навуковыя інтарэсы якіх звязаны з рознымі аспектамі міцкевічазнаўства і актуалізацыі спадчыны Адама Міцкевіча. Запланавана ў гэты дзень у Наваградку і адкрыццё новага дзіцячага садка, побач з якім будзе закладзена алея памяці Адама Міцкевіча.
Асноўныя святочныя мерапрыемствы разгорнуцца 6 кастрычніка. У праграме выступлення вядучых творчых калектываў рэгіёну і краіны, а таксама шоў пясочнай анімацыі па матывах паэмы „Пан Тадэвуш”. Прыгатуюць ўдзельнікі і тэматычны кулінарны шэдэўр – бісквітны пірог. Адкрыецца музей пад адкрытым небам „Страчаная спадчына” з макетамі розных гістарычных аб’ектаў. Фіналам дня стане вогненна-піратэхнічнае шоў з удзелам хадулістаў „Наваградак у жыцці Міцкевіча” і оpen air „Прысвячэнне Песняру”. Людзей чакаюць квэсты і займальныя экскурсіі, адкрыюцца пленэр і выстава работ юных мастакоў.
Завершыцца свята 7 кастрычніка велапрабегам „Шляхам Міцкевіча”. Усім жадаючым прапануюць пераадолець дыстанцыю ў больш чым 20 км паміж Наваградкам і возерам Свіцязь.