Рассупрацоўніцтва баіцца, што ў Беларусі знікне расейская мова
Расейскае федэральнае агенцтва па справах СНД, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва) працягне займацца падтрымкай у Беларусі расейскай мовы, заявіла кіраўнік агенцтва Элеанора Мітрафанава 4 кастрычніка на прэс-канферэнцыі ў фармаце тэлемоста ў прэс-цэнтры агенцтва Sputnik.
„Гэтая праца будзе працягнутая і, вядома, пашыраная”, — сказала яна.
Мітрафанава ўдакладніла, што агенцтва арганізуе ў Беларусі курсы павышэння кваліфікацыі для настаўнікаў беларускай мовы, адукацыйныя праграмы для расейскамоўных журналістаў.
На пытанне БелаПАН, навошта падтрымліваць расейскую мову ў Беларусі, дзе яна з’яўляецца дзяржаўнай і на ёй гавораць пераважная большасць насельніцтва, Мітрафанава адказала, што ў адваротным выпадку яна можа знікнуць з ужытку.
„Гэта важны аспект. Вы кажаце, усе ведаюць расейскамоўную мову. Але калі мы не будзем займацца расейскай мовай у Беларусі, вельмі хутка яна знікне. Я лічу, што трэба займацца расейскай мовай і ў Расеі, і ў Беларусі, і ўсюды, дзе яна ёсць”, — заявіла яна.
У адказ на просьбу журналіста з Арменіі пракаментаваць выказаную ёю раней прапанову аб прызнанні расейскай мовы дзяржаўнай на прасторы ўсёй СНД, Мітрафанава сказала, што зыходзіць з „вельмі простай логікі”: „У нас агульнае мінулае, у нас шмат агульнага ў эканоміцы, мы будуем адзіную еўразійскую прастору. Але якая мова тут павінна быць асноўнай? Няма іншай мовы”. Пры гэтым яна не згодная з меркаваннем, што ў часы СССР расейская мова пацясніла нацыянальныя мовы. Яна заявіла, што „гэтага ніколі не было”.
„Я разумею, што любая самастойная дзяржава мае сваю ўласную мову, павінна яе развіваць і ўсе людзі павінны гаварыць на гэтай мове. Гэта абсалютна відавочна. Але, тым не менш, зыходзячы з таго, што ў многіх краінах жывуць расейскамоўныя расейскія людзі, — тут ёсць правіла паважаць шматмоўе”, — сказала на заканчэнне кіраўнік Рассупрацоўніцтва.