Чарговыя прэтэнзіі Рассельгаснагляду цяпер да шампіньёнаў



Беларусь падала Рассельгаснагляду непраўдзівую інфармацыю пра аб’ём вырабу шампіньёнаў, чытаем у паведамленні расейскага нагляднага ведамства, якое выказвае занепакоенасць сітуацыяй вакол паставак шампіньёнаў з Беларусі.

Як згадвае Рассельгаснагляд, Галоўнай дзяржаўнай інспекцыяй па насенняводстве, каранціне і ахове раслін Беларусі было заяўлена, што аб’ём вытворчасці свежых шампіньёнаў сялянска-фермерскай гаспадаркай „Грыбная краіна” на верасень 2018 года складзе 570 тон і выпрацаваная прадукцыя будзе экспартаваная ў Расею. Паводле вынікаў праведзенага расейскім бокам у перыяд з 30 жніўня па 30 верасня ў „Грыбной краіне” перададгрузачнага маніторынгу, экспарт шампіньёнаў склаў 274 тоны.

Рассельгаснагляд таксама звярнуўся ў Галоўную дзяржаўную інспекцыю Беларусі з просьбай аб даванні інфармацыі аб канкрэтных аб’ёмах вытворчасці шампіньёнаў.

Як паведамлялася, 24 ліпеня Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаванні на пастаўкі шампіньёнаў з Беларусі і прыняў рашэнне аб правядзенні праверкі профільных беларускіх прадпрыемстваў.

БелаПАН