У Беларусі ўводзіцца ўтылізацыйны збор за цяжкія прычэпы і паўпрычэпы
У Беларусі ўводзіцца механізм выплаты ўтылізацыйнага збору за прычэпы і паўпрычэпы катэгорыі О4 (тэхнічна дапушчальная максімальная маса большая за 10 тон), якія ўвозяцца ў краіну. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.
„Дакумент накіраваны на павышэнне канкурэнтаздольнасці выпусканай тэхнікі на рынку ЕАЭС, а таксама выраўноўванне ўмоў гандлю з Расейскай Федэрацыяй”, — паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Стаўка ўтылізацыйнага збору ў дачыненні да прычэпаў і паўпрычэпаў колавых транспартных сродкаў катэгорыі О4 будзе супастаўная са стаўкай Расейскай Федэрацыі на былую ў эксплуатацыі тэхніку.
Ва ўказе таксама ўдакладняецца, якія транспартныя сродкі не з’яўляюцца аб’ектамі абкладання ўтылізацыйным зборам. У гэты спіс трапіла тэхніка, вырабленая на тэрыторыі Беларусі і адчужаная вытворцам за межы краіны, выкарыстоўваная з мэтай забеспячэння нацыянальнай бяспекі, абароны, праваахоўнай дзейнасці, папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, закупка якой ажыццяўляецца за кошт бюджэтных сродкаў.
Акрамя таго, утылізацыйны збор не будзе брацца з транспартных сродкаў, увезеных у Беларусь і накіраваных у даход дзяржавы, і з пераабсталяванага транспарту, у дачыненнi да якога збор быў раней выплачаны.
Дакумент уносіць змяненні і дапаўненні ва ўказ № 64 ад 4 лютага 2014 года „Аб утылізацыйным зборы ў дачыненні да транспартных сродкаў”.