Выбарчая кампанія на Падляшшы ў разгары
21 кастрычніка ў Польшчы адбудуцца выбары ў мясцовае самакіраванне. Выбарчая кампанія на Падляшшы ў разгары. У панядзелак камітэт “Беласток на так” падасць заяву ў суд у выбарчым рэжыме супраць “асобаў, якія ўдарылі ў добрае імя кандыдатаў”. Гэта наступствы запісу, змешчанага ў сацыяльных сетках Гжэгажам Яношкам ад партыі “Разам”. Ён расследаваў і напісаў пра мінулае Багуслава Конюха – кандыдата ў дэпутаты рады горада Беластока.
– Быў упаўнаважаным выканаўчай рады па справах Падляшша, вельмі шавіністычнай і нацыяналістычнай арганізацыі “Нацыянальнае адраджэнне Польшчы”. Таксама ён быў заснавальнікам у 2014 годзе неафашысцкага часопіса “Штурм”.
Распавёў Гжэгаж Яношка ад партыі “Разам”.
Тым часам Тадэвуш Арлуковіч – кандыдат на прэзідэнта горада Беласток – бароніць Багуслава Конюха. Ён закідае палітычным апанентам барацьбу, нязгодную з кодэксам добрых выбарчых дзеянняў.
– Спадар Конюх ніколі не быў фашыстам, ніколі не быў неафашыстам. Ён шанаваны грамадзянін, пра што сведчаць рашэнні прэзідэнта Беластока Тадэвуша Трускаляскага.
Як напісаў у Фэйсбуку кандыдат у ваяводскі сеймік ад партыі “Разам” Гжэгаж Яношка. Ён нагадвае, што арганізацыя, якую раней узначальваў Багуслав Конюх, супрацоўнічала з неанацысцкай групоўкай “Залаты світанак” і нацыянальна-сацыялістычнай украінскай “Свабодай”. Багуслав Конюх не адзіны кандыдат са спісу камітэта “Беласток на так”, які выклікае эмоцыі. Кандыдатка да рады горада Беластока Веслава Плоньска ад камітэта “Беласток на так” пісала ў фэйсбуку, што “габрэі маюць сваю краіну, і там іх месца”.
Праўда, Плоньска ў фэйсбуку пазней зрабіла допіс, што выбачаецца перад тымі, хто палічыў ейныя словы абразлівымі.
Беларускае Радыё Рацыя, Беласток