Андрэй Бастунец: Гайкі працягнуць закручваць



Старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў, ці спыняць улады ціск на незалежных журналістаў у бліжэйшай будучыні.

Дэпутаты Еўрапарламента прынялі заяву, у якой асуджаюцца затрыманні і дзяржаўны пераслед журналістаў і рэдактараў незалежных выданняў.

Андрэй Бастунец: Еўрапарламент проста выказаў сваю пазіцыю, але пасля гэтага не варта чакаць нейкай адваротнай рэакцыі з боку беларускіх уладаў. Як не варта чакаць, што ў краіне адразу ж палепшыцца сітуацыя з незалежнымі СМІ. Такія заявы ўжо не раз прымаліся, але гэта нічога не змяняла.

Па-другое, трэба сказаць, што гэтая заява Еўрапарламента адрасавана не толькі беларускім уладам, але і іншым міжнародным структурам, каб гэтую праблему трымаць пад увагай. І каб сітуацыя з незалежнымі СМІ, калі б не палепшылася, то не скацілася б у горшы бок.

РР: Ёсць верагоднасць, што можа быць яшчэ горш?

Андрэй Бастунец: Апошнія рэпрэсіі ў дачыненні да СМІ (блакаванне сайтаў, пераслед блогераў, крымінальная “справа БЕЛТА”) можна ўспрымаць не як чарговую хвалю ціску ў у дачыненні да незалежных СМІ, а як праяўленне паступовай пазіцыі ўладаў у гэтым кірунку. Таму ў мяне няма вялікага аптымізму, што можа быць прынамсі лепш. Думаю, што гайкі працягнуць закручваць.

РР: Фрылансеры таксама будуць заставацца ў Беларусі безабароннымі?

Андрэй Бастунец: На жаль, гэта тая тэма, якую беларуская ўлада слухаць не жадае. Але перамовы з гэтай нагоды працягваем весці, у тым ліку і на пляцоўцы дыялогу паміж Еўразвязам і Беларуссю. Хаця з боку ўладаў мы бачым проста неразуменне праблемы. І нежаданне яе вырашаць.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя