Грыбаўскайтэ адмовілася ад супрацы з Пуціным



Расея дэманструе якасці, характэрныя для тэрарыстычнай дзяржавы. Пра гэта прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайтэ заявіла ў інтэрв’ю журналістцы BBC.

Гаворачы аб еўрапейскай энергетыцы, прэзідэнт заявіла, што пастанова Расеі адмовіцца ад будаўніцтва „Паўднёвага патоку” – гэта доказ таго, што пазіцыя Еўропы ў пытанні Украіны апраўдала сябе, нягледзячы на незадаволенасць некалькіх краін Еўрапейскага звязу.

Грыбаўскайтэ дадала, што аб’яднанымі намаганнямі Еўразвязу ўдалося прыпыніць Пуціна і не даць яму выкарыстаць газавыя рэсурсы як сродак палітычнага ціску. Літоўская прэзідэнт сказала, што Украіна змагаецца за мір і незалежнасць краін ва ўсёй Еўропе. Яна акцэнтавала, што ўсім суседнім краінам трэба мець стасункі і падтрымліваць адносіны паміж сабой.

„Але пра які дыялог можа ісці гаворка, калі агрэсар не толькі нападае і дапамагае тэрарыстам, але і сам паводзіць сябе як тэрарыст?” – запытала Грыбаўскайтэ.