Праваабаронцы распавялі, як захаваць «здаровую галаву»



Кіраўнік берасцейскага аддзялення праваабарончага цэнтра “Вясна” Уладзімір Вялічкін правёў навучанне па супрацьстанні тэхналогіям, якія выкарыстоўваюць улады для прапаганды, а таксама для шэльмавання ды пераследу актывістаў.

Адзіны выхад – захаваць здаровую галаву і адэкватна ўспрымаць рачаіснасць – гэта адмовіцца ад кабельнага тэлебачання, адмовіцца ад тых праграм, якія прапануе нам Цэнтральнае тэлебачанне – як беларускае, так і расейскае. Шукаць альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. 

Жыхар Бярозы Міхаіл Пракурат лічыць, што такія кансультацыі з праваабаронцамі вельмі патрэбныя.

– У нас па тэлевізары такая прапаганда – горш за савецкую. Скажы на мяне сто разоў: “Ты – дурань”, я на сто першы раз сам пагаджуся. 

На сустрэчы прысутнічаў юрыст Уладзімір Малей, да якога звярнулася шмат прысутных, якія мелі патрэбу ў юрыдычных кансультацыях па праблемах парушэння правоў чалавека.

 * * *

Інфармацыйная вайна з Расеяй і здрадніцтва мясцовых чыноўнікаў стварылі такую сітуацыю ў дзвюх абласцях Украіны – Луганскай і Данецкай, што мясцовыя жыхары перасталі адчуваць сябе ўкраінцамі.

Пра гэта кажа праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін, які жыў амаль 2 месяцы ў Мікалаеўскай вобласці, на мяжы ваюючых тэрыторый:

– Зараз і ў Беларусі адключаюць украінскія каналы. Там таксама адключылі украінскія каналы, давалі вельмі абмежаваную інфармацыю. Уся інфармацыя была з боку Расеі. Людзям грунтоўна прамылі мазгі, яны страцілі арыентацыю ў Сусвеце, дзе яны жывуць і робяць. Прабачце, калі ў чалавека больш за 20 гадоў украінскі пашпарт, а ён бегае і крычыць: “ Я рускі!” – гэта нешта не тое з галавой.

Па словах Вялічкіна, аналагічнае прамыванне мазгоў адбываецца і ў Беларусі. Калі людзі карыстаюцца толькі ілжывай і агрэсіўнай інфармацыяй не толькі беларускіх СМІ, а і расейскіх адначасова.

Беларускае Радыё Рацыя