Мітрапаліт Павел выступае за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне



Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі выступае за ўвядзенне мараторыя на смяротнае пакаранне. Сваімі поглядамі на існаванне ў краіне практыкі прымянення вышэйшай меры пакарання праваслаўны іерарх падзяліўся на прэс-канферэнцыі 5 кастрычніка ў Менску.

„Можа быць, прыбіраць з Крымінальнага кодэкса такую форму пакарання, як смяротнае пакаранне, сёння не варта, — сказаў ён. — Гэты артыкул кажа аб тым, што за любое злачынства павінна быць і абавязкова будзе пакаранне. Каб любы чалавек, які мае намер здзейсніць нейкае злачынства, разумеў, што адплата абавязкова будзе — не на зямлі, дык на Страшным судзе”.

„Іншая справа, што, на жаль, сёння часта мараторый, які ёсць у многіх краінах, апраўдвае сябе. Зусім нядаўна мы чулі пра шматлікія выпадкі, калі людзі адседжвалі вялікія тэрміны, а праз шмат-шмат гадоў высвятлялася, што яны пакараны незаслужана, нікога яны не забівалі, не тыя людзі сядзелі. На жаль, бывае і такое. <…> Таму, на маю думку, з Крымінальнага кодэкса, можа быць, і не трэба прыбіраць артыкул, але мы вітаем мараторый. Мы заклікаем нашых пастыраў рабіць усё магчымае, каб дапамагчы чалавеку ўсвядоміць свае памылкі і выправіць свой ранейшы заганны лад жыцця”, — дадаў ён.

Кіраўнік сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускага экзархата Рускай праваслаўнай царквы протаіерэй Сергій Лепін у сваю чаргу адзначыў, што РПЦ і БПЦ, як яе частка, дэкларуюць сваё стаўленне да смяротнага пакарання ў асновах сацыяльнай канцэпцыі царквы. У ёй гаворыцца аб тым, што царква аддае перавагу адмене смяротнага пакарання і замене яго іншымі відамі пакарання. Адсутнасць смяротнага пакарання, паводле яго слоў, „выключае магчымасць непапраўных судовых памылак, прадугледжвае магчымасць пастырскай працы з грэшнікам, які ўчыніў цяжкае злачынства, і ў цэлым адпавядае катэгорыям гуманнасці”.

„У цэлым БПЦ таксама падтрымлівае імкненне грамадства да таго стану, у якім смяротнае пакаранне ўжо будзе не патрэбна. З іншага боку, мы не вітаем палітызацыю гэтага пытання. Лічым, што звязаныя з гэтым пытаннем палітычныя таргі часта шкодзяць абмеркаванню гэтай праблемы па сутнасці, робяць яе нявырашанай яшчэ на дадатковы час”, — заявіў протаіерэй Сергій.

belapan.by

Фота church.by