Каб захаваць памяць пра Любоў Тарасюк



Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны падтрымоўвае ініцыятыву аднавяскоўцаў беларускай даследчыцы Любові Тарасюк аб наданні яе імя бібліятэцы ў Пінкавічах, што на Піншчыне. З лістом у ТБМ звярнуліся жыхары вёскі, а ТБМ са свайго боку мае намер звярнуцца да раённых уладаў. Яшчэ ўлетку, калі з’явілася такая ініцыятыва ад удзячлівых землякоў беларускай навукоўцы, мясцовыя чыноўнікі паабяцалі вырашыць гэтае пытанне станоўча, але справа чамусьці зацягнулася. У бібліятэцы ўжо нават назбіралі цікавыя рэчы з жыцця даследчыцы. Па словах супрацоўніцы ўстановы Ірыны Палюховіч, трэба папулярызаваць пакінутую спадчыну Любові Тарасюк:

– Нашая бібліятэка захоўвае кнігі, якія перадаў бацька Любы Тарасюк, а таксама некаторыя асабістыя рэчы – фотаздымкі, дыпломы, атэстат аб сярэдняй адукацыі. Спадзяемся, што яшчэ нешта знойдзецца – нейкія асабістыя рэчы, і яны будуць тут у нас сабраныя, будзе адкрыты куток Любы Тарасюк, гэта будзе цікава ўсім, тут будуць праходзіць кожны год абмысловыя мерапрыемствы на дзень яе нараджэння – 7 студзеня. Мы ўжо праводзілі адзін раз. Будзем імкнуцца і надалей прапагандаваць яе творчасць, як навуковую дзейнасць.

Любоў Тарасюк нарадзілася ў Пінкавічах, дзе і заўчасна памерла ад цяжкой хваробы. Каля 30-ці гадоў працавала ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе атрымала званне дацэнта. Стварыла звыш двухста навукова-метадычных прац для беларускіх навучальных устаноў. Уваходзіла ў Раду Таварыства беларускай мовы, рэдкалегію часопіса “Маладосць” ды з’яўлялася ганаровым чальцом Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. У навуковае жыццё яе вывелі Ніл Гілевіч і Васіль Быкаў.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя