Палітвязень Жамчужны папрасіў магілёўскага праваабаронцу аб тэрміновай сустрэчы



Палітвязень Міхаіл Жамчужны, які адбывае пакаранне ў калоніі № 9 у Горках (Магілёўская вобласць), папрасіў аб тэрміновай сустрэчы магілёўскага праваабаронцы Барыса Бухеля, які з’яўляецца сакратаром грамадскай назіральнай камісіі пры галоўным упраўленні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама.

Жамчужны паведаміў Бухелю аб праблемах і папрасіў аб візіце грамадскай назіральнай камісіі, паведамляе праваабарончы сайт mspring.online.

Паводле слоў палітвязня, ён ужо дасылаў ліст Бухелю — у чэрвені 2018 года. Аднак адміністрацыя калоніі адмовілася адпраўляць карэспандэнцыю з-за невядомых прычын.

„Ваш візіт неабходны для вырашэння шэрагу праблем пры асабістай сустрэчы”, — коратка напісаў Жамчужны. Ён паведаміў, што на перыяд з 20 верасня па 20 кастрычніка яго пераводзяць у памяшканне камернага тыпу.

Бухель устрывожаны такім паведамленнем палітвязня. „Інфармацыі мала. Агідна, што адміністрацыя калоніі вядзе сваю незразумелае гульню і не прапускае допісы. Дапамагчы Міхаілу неабходна, аднак згодна з вопытам мінулага я магу сказаць, што наша грамадская назіральная камісія кастрыраваная. Нам сёлета не далі сустрэцца ні з Паліенкам, ні з тым жа Жамчужным. Будзем думаць з калегамі, як дапамагчы Міхаілу”, — заявіў праваабаронца.

У сваю чаргу прадстаўнікам праваабарончага цэнтра „Вясна”, пазбаўленага ў Беларусі акрэдытацыі, стала вядома, што Жамчужны пасля ўтрымання ў ШІЗА 20 верасня адпраўлены на месяц у памяшканне камернага тыпу. Палітвязень паведаміў, што ў калоніі ў Горках праводзілі праверку, падчас якой яму ўдалося пагутарыць з правяральшчыкамі і ўказаць на шэраг парушэнняў ва ўмовах утрымання, а таксама на катаванні і прыніжэнне чалавечай годнасці асуджаных. Неўзабаве пасля праверкі ў калоніі змяніўся начальнік. Аднак нейкіх спадзяванняў на змены ў стаўленні да яго з боку адміністрацыі калоніі палітвязень не ўскладае.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі „Платформа”. Быў затрыманы ў 2014 годзе.

У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага раскрыцця звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для таемнага атрымання інфармацыі, і даванні хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

17 ліпеня беларускія праваабарончыя арганізацыі накіравалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта з просьбай памілаваць Жамчужнага. 1 жніўня ім прыйшоў адказ, у якім сказана, што прашэнне будзе разгледжанае, калі зняволены падасць яго асабіста.

belapan.by