Замкавая гара ў Браславе: помнікі і краявіды



Замкавая гара ў Браславе адна з сама цікавых у Беларусі ў сваім родзе. Браслаўскі замак, ад якога нічога не захавалася, упершыню згадваецца ў прывілеі караля Жыгімонта Старога 1514 года. Мясцовыя ўмацаваныя збудаванні мелі найбольшае значанне ў 16-17 стагоддзях. У час шматлікіх войнаў і нападаў яны прыйшлі ў заняпад. Ад колішняга замку не засталося нават руінаў.

З высокага ўзвышша браслаўскай Замкавай гары адкрываюцца маляўнічыя краявіды на горад і навакольныя азёры. 

На Замкавай гары ўсталяваныя інфармацыйныя стэнды, на якіх расказваецца пра гісторыю Браслава. Паблізу іх камень з выяваю герба горада. На гербе Браслава выява залатога сонца, на якім трохвугольнік з чалавечым вокам – сімвалам боскага наканавання.  

Найбольш высокі помнік на Замкавай гары – абеліск у гонар знакамітага лекара Станіслава Нарбута. Ён каля 40 гадоў працаваў на Браслаўшчыне. Станіслаў Нарбут – сын гісторыка Тодара Нарбута, брат слыннага камандзіра паўстанцаў Людвіка Нарбута. Станіслаў Нарбут вучыўся ў Віленскай класічнай гімназіі, медыцынскую адукацыю атрымаў у Мюнхенскім універсітэце. Пазней скончыў яшчэ Тартускі (тагачасны Дэрпцкі) універсітэт. Доктара Нарбута паважалі за высокі прафесіяналізм і чалавечую годнасць, гатовасць памагчы пацыенту ў кожнай сітуацыі. Спяшаючыся ранняй вясной да хворага, Станіслаў Нарбут сам моцна прастудзіўся і неўзабаве памёр. Ішоў 1926 год. Пахавалі браслаўскага лекара не на могілках, а на Замкавай гары гораду. На сродкі, збертыя мясцовымі жыхарамі, паставілі высокі абеліск з ліхтаром. У 1990 годзе на ім была адноўлена табліца, на ёй напісана па-беларуску лацінкай „Лекару ўдзячная Браслаўшчына”. Адна з вуліц ля падножжа гары мае імя Станіслава Нарбута.

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара