Пад Гомелем вайскоўцы працуюць на месцы масавага пахавання часоў ІІ Сусветнай
Гомельцы арганізавалі дастаўку прадуктаў харчавання і гарачага чаю салдатам 52-га батальёна Міністэрства абароны, якія займаюцца эксгумацыяй парэштак ахвяр канцлагера ДУЛАГ-121 у ваколіцах мястэчка Краснае. Сябры Сафійскай абшчыны Прэабражэнскага брацтва Беларускай Праваслаўнай Царквы прывозяць у працоўныя дні пірагі і гарбату жаўнерам, якія працуюць у складаных умовах надвор’я. Паводле валанцёра Сяргея Несцяровіча, грамадства не павінна забывацца на ахвяр ІІ Сусветнай вайны.
Сяргей Несцяровіч: — Я заўважыў, што вельмі цяжка данесці інфармацыю да нашага грамадства пра злачынствы ІІ Сусветнай вайны. Я не ведаю, як можна дагрукацца да сэрцаў чалавечых, бо нашыя сэрцы такія акамянелыя, такія савецкія, нібы залітыя бетонам абыякавасці. Я прывёз чарговы смачны яблычны пірог, які штодня гатуюць нашыя сябры ад пачатку працы батальёна. Таксама смачную гарбатку прывёз, каб сагрэць салдат, якія выконваюць такую цяжкую працу.
Салдаты 52-га пошукавага батальёна разам з валанцёрамі пачалі працаваць у раёне былога супрацьтанкавага рову ля пасёлка Краснае ў канцы верасня гэтага году. За тыдзень працы на месцы невядомага раней месца масавага пахавання былі знойдзеныя парэшткі сама меней 80 чырвонаармейцаў і цывільных гомельцаў, якія загінулі ў гады ІІ Сусветнай вайны.
Агульны від месца раскопак.
Валанцёр Уладзімір Котаў абмяркоўвае чарговую знаходку на месцы раскопак.
На глыбіні знаходзяць часта многа асабістых рэчаў забітых людзей. На фотаздымку — ключы. Сярод салдат хадзіла павер’е, што ключы ў кішэні дапамогуць знайсці дарогу дадому, вярнуцца жывымі з фронту.
На месцы пошукавых прац стаяць папярэджвальныя знакі.
Сёлета было даждлівае лета, у выніку чаго істотна падняўся ўзровень грунтовых вод. Гэта істотна ўскладняе працу.
Валанцёрам і салдатам даводзіцца ўручную працаваць на аб’екце. Для эфектыўных прац не хапае тэхнікі.
Беларускае Радыё Рацыя