Алена Анісім: У краіне няма паважлівага стаўлення да нацыянальнага сцяга



Старшыня Таварыства беларускай мовы і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім распавядае пра тое, чаму дзяржава павінна змяніць сваё стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга.

Нагадаем, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая распрацавала законапраект аб ахове бел-чырвона-белага сцяга. Быў накіраваны ліст і ў Міністэрства культуры, каб тое таксама выказала сваё стаўленне да гэтага гістарычнага сцяга. Адказ быў прыкладна такі: маўляў, гэтае пытанне не ў нашай кампетэнцыі.

Зараз дэпутаты Алена Анісім і Ганна Канапацкая вырашаюць, куды звяртацца далей.

Алена Анісім: Сітуацыя атрымліваецца вельмі дзіўная. Мы не маем паважлівых адносін да таго самага дзяржаўнага сімвала, пад якім фактычна і паўстала незалежная Беларусь. Гэты сімвал не мае належнага статуса.

Перад намі сёння стаіць задача, каб даць магчымасць людзям, якія шануюць свае нацыянальныя сімвалы, карыстацца імі абсалютна свабодна і законна. Менавіта для гэтага і быў распрацаваны законапраект. Таму што ўсе іншыя сродкі не давалі неабходнага выніку.

І я ўсё-такі спадзяюся, што тая хваля і тыя тэндэнцыі, што ёсць у грамадстве па выкарыстанні нацыянальнага сцяга, прымусяць дзяржаўныя органы ўлады зважаць на гэта   і прыняць рашэнне для таго, каб гэтыя пытанні урэгуляваць раз і назаўсёды. У Расеі чамусьці не баяцца выкарыстоўваць сімвал царскай імперыі, а мы баімся паважаць належным чынам сваю гісторыю і выхоўваць грамадзян у духу павагі да гэтай гісторыі. Дарэчы, менавіта грамадзяне больш разумеюць значэнне нацыянальнай сімволікі, чым некаторыя дзяржаўныя чыноўнікі, якія абавязаны па роду сваёй дзейнасці ўсяляк спрыяць умацаванню незалежнасці Беларусі і кансалідацыі грамадства. У тым ліку, і на аснове гісторыка-культурных каштоўнасцей.

РР: А дэпутаты парламента могуць гэтае пытанне нейкім чынам вырашыць?

Алена Анісім: Дэпутаты могуць толькі тады вырашаць, калі будзе ісці законапраект, і ён будзе ўнесены на разгляд Палаты прадстаўнікоў. Тады за яго можна галасаваць і прымаць.

Думаю, што ў бліжэйшай будучыні бел-чырвона-белы сцяг можа вярнуць сабе статус афіцыйнага дзяржаўнага сцяга краіны. Будзем у гэта верыць…

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя