Андрэй Палуда: Статыстыка па смяротных прысудах сумная



Каардынатар кампаніі «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі» Андрэй Палуда распавёў, ці змянілася ў беларусаў стаўленне да вышэйшай меры пакарання.

Гэтымі днямі ў краіне праходзіць Тыдзень супраць смяротнага пакарання.

Андрэй Палуда: Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што не ўсе тыя, з кім мы гутарым і сустракаемся, выступаюць сёння за адмену смяротнага пакарання. Колькі людзей – столькі меркаванняў. Але ў той жа час асабіста ў мяне ёсць адчуванне, што ўсё больш людзей за тое, каб быў уведзены мараторый на вышэйшую меру пакарання.

РР: А ці змянілі ўлады сваё стаўленне да гэтай тэмы?

Андрэй Палуда: Прадстаўнікі ўлады прымаюць удзел у некаторых мерапрыемствах, якія звязаны з гэтай тэматыкай. Напрыклад, брытанская амбасада з удзелам беларускіх парламентарыях праводзіла шэраг акцый. 10 кастрычніка на пасяджэнні ПАСЕ таксама нашы праваабаронцы будуць падымаць тэму смяротнага пакарання. І там да мерапрыемства далучыцца дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі Валер Варанецкі. Гэта паказчык таго, што дзяржава праблему ў любым выпадку не ігнаруе. Іншае пытанне: ці ёсць ва ўладаў рэальнае жаданне пазбавіцца смяротнага пакарання? На словах яны гэта дэкларуюць, але ж дэкларуюць ужо дастаткова даўно.

РР: Колькі ў гэтым годзе ў Беларусі ўжо было смяротных прысудаў?

Андрэй Палуда: На дадзены момант чатыры чалавекі знаходзяцца ў “калідорах смерці”, у любы момант іх могуць расстраляць. У дачыненні да двух чалавек смяротныя прысуды ўжо выкананы. Акрамя таго, ёсць яшчэ дзве справы, у якіх людзей таксама могуць прысудзіць да вышэйшай меры пакарання. Таму статыстыка сумная.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя