Вольга Нікалайчык: За некалькі месяцаў налічылі каля 3 тысяч даляраў штрафаў
Грамадская актывістка Вольга Нікалайчык, якая ўжо некалькі месяцаў прымае актыўны ўдзел у абароне Курапатаў, распавяла, колькі ёй гэта каштавала.
Як вядома, ужо больш за тры месяцы працягваецца пікетаванне рэстарана “Поедем, поедим” каля мемарыялу ахвярам сталінскіх рэпрэсій у Курапатах. Пратэстоўцы патрабуюць закрыцця гэтай забаўляльнай установы, але рэстаран пакуль працягвае працу.
Вольга Нікалайчык: Штрафаў за абарону Курапатаў у мяне вельмі шмат, і яны пастаянна павялічваюцца. Даюць па 40-50 базавых велічынь і, мяркую, за лета-восень ужо назбіралася каля 3000 даляраў, якія я павінна заплаціць дзяржаве. Дакладную суму не магу назваць, бо на суды перастала хадзіць, не бачу ў гэтым сэнсу. Але толькі ДАІшнікі склалі каля дваццаці пратаколаў. Вельмі шмат правакатараў прыязджае да рэстарана, а вінаватымі робяць заўсёды тых, хто стаіць на абароне Курапатаў.
РР: І як збіраецеся кампенсаваць такую суму?
Вольга Нікалайчык: Учора судовыя прыставы паведамілі, што ў дачыненні да мяне ізноў узбуджана справа, таму па меры магчымасці штрафы буду змяншаць. Але, натуральна, усю суму адразу аплаціць не змагу.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя