Вячаслаў Піліпук: У дрэнную глебу дрэва не саджаюць



Прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук ацаніў ініцыятыву ўладаў па зніжэнні беспрацоўя.

У Баранавічах жадаючым адкрыць сваю справу беспрацоўным прапаноўваецца бясплатна прайсці навучальны курс “Асновы прадпрымальніцкай справы”.

Праз месяц, па заканчэнні курса, мясцовыя ўлады гарантуюць тым, хто прайшоў навучэнне, садзейнічаць у арганізацыі сваёй справы ў сферы аграэкатурызма, прадпрымальніцкай альбо рамесніцкай дзейнасці.

Вячаслаў Піліпук: Даволі знаёмая ініцыятыва, нешта падобнае было і напачатку 90-х гадоў, калі саюзная камандна-адміністрацыйная сістэма трансфармавалася ў рыначную эканоміку. Тады таксама пасля курсаў людзі ішлі ў індывідуальныя прадпрымальнікі, а зараз, як бачым, пайшла другая матывацыйная хваля. Гэта, як мне падаецца, спроба ўладаў на фоне беспрацоўя даць новыя думкі людзям, як самазаняцца. Не выключаю, што частка з тых, хто пройдзе курсы, знойдуць затым нейкія нішы для сябе.

РР: Добра яшчэ было б, каб улады не ўстаўлялі прадпрымальнікам палкі ў колы ў іх дзейнасці.

Вячаслаў Піліпук: У тым і справа, што дзяржава павінна найперш стварыць прывабныя ўмовы для працы прадпрымальнікам, каб яны маглі развівацца. Бо зарэгістравацца – гэта не праблема. Але патрэбен і добры асяродак для дзейнасці. Калі дрэва пасадзіць у пясок, то там нічога не вырасце. Уся справа ў глебе.

Зараз, як быццам, ёсць спробы лібералізацыі для малога бізнеса, але ў той жа час бачым, што на прадпрымальнікаў і ціск працягваецца. Гэта і анлайн-чэкі, і пастаянная замена касавых апаратаў… Але ўвогуле, ініцыятыва слушная. Гэта дадатковая падказка людзям, каб яны паглядзелі на жыццё з іншага боку. Можна не толькі на дзяржаву працаваць, але і паспрабаваць нешта зрабіць самому.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота belapan.by