Юшчанка: Беларусь і Украіна могуць вельмі моцна дапаўняць адна адну



Беларусь і Украіна могуць вельмі моцна адна адну дапаўняць у многіх сферах дзейнасці, заявіў былы ўкраінскі прэзідэнт Віктар Юшчанка ў інтэрв`ю тэлеканалу „Беларусь 1” паводле вынікаў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнка 8 кастрычніка ў Менску.

„Я заўсёды быў прыхільнікам таго, каб рэальная палітыка як мага больш шырока, глыбока была перададзеная суб`ектам гаспадарання і мясцовай уладзе, асабліва рэгіёнам, якія знаходзяцца ў памежжы. Там даць максімальную свабоду і абмену тавараў, і паслуг, і фінансаў. І, вядома, вельмі важныя міжчалавечыя адносіны”, — адзначыў Юшчанка.

„Таму мне вельмі прыемна было, калі мы сёння гаварылі з вашым прэзідэнтам аб тым, як важна ўтрымліваць тую высокую дзелавую актыўнасць, што мы назіраем апошнія два гады, калі кожны год мы маем прырост тавараабароту 23—33%”, — сказаў ён.

„Сумна, калі складваецца ў кагосьці ўражанне, што беларуска-ўкраінскія адносіны — гэта такія „выразні” на ўкраінскай мове, якія не маюць асаблівых граняў адносін. На справе, і на ўзроўні навукі, і на ўзроўні адукацыі, і на ўзроўні медыцыны, і на ўзроўні прыкладной эканомікі, і на ўзроўні фінансаў мы можам узаемна вельмі моцна адзін аднаго дапаўняць”, — лічыць Юшчанка.

Першы Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны пройдзе 25—26 кастрычніка ў Гомелі. Правесці такі форум прапанаваў Аляксандр Лукашэнка падчас афіцыйнага візіту ў Кіеў у ліпені 2017 года. Яго ўкраінскі калега Пётр Парашэнка падтрымаў ідэю і адзначыў, што наступны аналагічны форум можна будзе арганізаваць у Жытоміры.

belapan.by