Львоўшчына пасля паўстання 1863 года
Вёска Львоўшчына Слонімскага раёна знаходзіцца на самой мяжы з Дзятлаўскім раёнам. Выязджаючы па гравійцы з Львоўшчыны – адразу трапляеш у вёскі Маркавічы і Пруд Дзятлаўскага раёна.
У гэтыя ціхія снежаньскія дні я вырашыў наведаць вядомыя некалі маёнтак і вёску Львоўшчыну.
Ад Слоніма да Львоўшчыны 15 кіламетраў. Але жыхары Львоўшчыны рэдка бываюць у Слоніме, ім бліжэй да аграгарадка Дзераўная. Там крамы ёсць, аптэка, царква, школа, пошта. А ў Львоўшчыне ўжо няма нічога. Па словах жыхара гэтай вёскі Валерыя Бурачэўскага, у мінулыя гады хоць крама ў нас працавала, а цяпер ліквідавалі і вясковую краму. “У ёй цяпер гаспадарыць прадпрымальнік, які там рэжа дошкі і прадае. А ў краму мы ходзім у вёску Дзераўная. Гэта ўсяго два кіламетры. І ў царкву туды наведваем. Цяпер у нашай вёсцы пражывае 12 жанчын і 9 мужыкоў, а астатнія паўміралі. Самай старэйшай жанчыне 80 гадоў”, – распавёў Валерый Бурачэўскі.
Сапраўды, Львоўшчыны за 150 гадоў стала зусім іншай. Ніхто з вяскоўцаў, з якімі мне прыйшлося пагутарыць, нічога не ведае пра знакамітых людзей Львоўшчыны, не ведае і ніхто не чуў пра паўстанні 1830-1931 і 1963 гадоў. Наогул, вяскоўцы сёння не цікавяцца сваёй гісторыяй, ім абы дзень пражыць і дзякаваць Богу. Так і ў вёсцы Львоўшчына.
[Not a valid template]
Сама вёска налічвае 48 хат, але палова з іх пустыя. У многіх хатах дошкамі забіты вокны, якія, калі на іх глянеш, імгненна наганяюць тугу. Вёска невялікая, але ў пачатку, у канцы і ў сярэдзіне вёскі стаяць крыжы, якія, нібыта, ахоўваюць вёску ад бяды. Крыжы з ручнікамі, дагледжаныя, моцныя, бо вяскоўцы кажуць, калі штось з крыжамі здарыцца, то прыйдзе ў вёску няшчасце.
Вельмі шкада, што вёска Львоўшчына на Слонімшчыне даўно стала неперспектыўнай і забытай. А некалі Львоўшчына належала канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу. А пасля яго смерці маёнтак Львоўшчына дастаўся Язэпу Палубінскаму, куды ўваходзілі фальварак Львоўшчына і тры вёскі.
У пачатку 1812 года Язэп Палубінскі прадаў свой маёнтак Львоўшчына арандатару з Ружанаў суддзі Слонімскага кампрамісарскага суда Антону Пшацлаўскаму. У сям’і Пшацлаўскіх было трое сыноў — Восіп, Лявон, Рамуальд і дзве дачкі — Эмілія і Марыя. Найбольш вядомым стаў Восіп. Восіп Антонавіч Пшацлаўскі (1799-1879) нарадзіўся ў Слонімскім павеце. Некаторы час жыў у бацькоў у маёнтку Львоўшчына. Выпускнік Віленскага ўніверсітэта, ён пасля заканчэння ўніверсітэта працаваў сакратаром у свайго дзядзькі маршалка дваранства Слонімскага павета Л. Бронскага. Потым зрабіў выдатную кар’еру ў Пецярбургу. Працаваў у Міністэрстве ўнутраных спраў Расіі, у камісіі па будаўніцтве Ісаакіеўскага сабора, у Галоўным упраўленні цэнзуры. На пенсію выйшаў з чынам тайнага саветніка. Ён быў таленавітым журналістам, перакладчыкам, мемуарыстам. У 1872 годзе выдаў мемуары пад назвай “Калейдаскоп успамінаў”. Мемуары сабраў, падрыхтаваў да друку і выдаў у двух тамах у Мінску ў 2012 годзе Аляксандр Фядута.
У 1830-31 гадах на Беларусі пачалося антырасейскае паўстанне. У ім прынялі ўдзел і сыны Пшацлаўскіх Лявон і Рамуальд. Паўстанне было царскімі войскамі задушана. Ваенна-следчая камісія ўстанавіла віну братоў Пшацлаўскіх — залічыла іх да другога разраду злачынцаў, якія падлягалі пакаранню смерцю праз павешанне. Маёнтак Львоўшчына, як піша краязнавец Аляксандр Місцюкевіч, прызначаны быў да секвестрацыі і перадачы ў казну, аднак ён не быў раздзелены. Лявон і Рамуальд аказаліся ў эміграцыі. Рамуальд Пшацлаўскі 9 лістапада 1831 года добраахвотна вярнуўся на Радзіму, а 3 студзеня 1832 года ён быў арыштаваны і адпраўлены ў Гародню. Пасля допытаў і праверак яго і сям’і, ён атрымаў “всемилостивейшее прощение” і быў пастаўлены пад нагляд паліцыі. Маёнтак аддалі ў арэнду яго маці Крысціне. Такое лёгкае пакаранне атрымала сям’я Пшацлаўскіх, дзякуючы трэцяму брату Восіпу Пшацлаўскаму, тытулярнаму саветніку, які служыў у Пецярбургу. На вялікі жаль, Восіп здрадзіў сваёй Бацькаўшчыне, ён не падтрымаў паўстанне і публічна яго асудзіў.
У 1846 годзе маёнтак Львоўшчына знаходзіўся ў пажыццёвым карыстанні Восіпа, Рамуальда Пшацлаўскіх і іх сястры Эміліі Лукашэвіч-Пшацлаўскай. Усяго ў маёнтку, як сведчыць краязнавец Аляксандр Місцюкевіч, было 23 двары, пражывала 123 мужчыны і 116 жанчын, у вёсцы Задвараны — 43 мужчыны і 44 жанчыны, а ў самім фальварку ў двары 20 мужчын і 12 жанчын.
У 1850 альбо 1851 годзе маёнтак перайшоў ва ўладанне Ісідара Лукашэвіча. У паўстанні 1863 года Ісідар Лукашэвіч удзельнічаў, як кіраўнік невялікага атрада з Дзераўноўскай воласці. У бітве пад Мілавідамі ён загінуў і быў пахаваны ў Косаве.
У 1928 годзе на магіле паўстанцаў быў устаноўлены помнік. 18 паўстанцаў з яго атрада аказалася ў Слонімскай ваенна-следчай камісіі, але якое пакаранне яны атрымалі, невядома…
Найперш і знакаміта вёска Львоўшчына братамі Пшацлаўскімі і Ісідарам Лукашэвічам. Магчыма некалі, пры ўездзе ў вёску будзе ўстаноўлены ім мемарыяльны знак, ці нават помнік, які будзе нагадваць вяскоўцам і ўсім, хто будзе ехаць ці праязджаць праз Львоўшчыну, кім яна заўсёды можа ганарыцца і пра каго нагадваць людзям.
Сяргей Чыгрын, Беларуская Радыё Рацыя, Слонімскі раён
Фота аўтара.