Ці аб’яднаюць беластоцкія ўніверсітэт і палітэхніку?



Адназначнага адказу пакуль няма, але ёсць штораз больш шчыльнае супрацоўніцтва.

Сімвалічны прыклад – супольная інаўгурацыя акадэмічнага году. Такое спалучэнне было б карысным, намякае віцэ-прэм’ер, міністр навукі і вышэйшай адукацыі Польшчы Яраслаў Говін:

– Калі палітэхніка і ўніверсітэт вырашаць выйсці на дарогу федэрацыі ці кансалідацыі – гэта будзе самастойнае рашэнне ўладаў і акадэмічных супольнасцяў абодвух навучальных установаў. Я магу толькі сказаць, што калі б яны вырашылі паспрабаваць аб’яднацца ў адну, то могуць разлічваць на дадатковыя сродкі з боку міністэрства, акрамя ўжо прадастаўленых.

Яраслаў Говін перадаў універсітэту і палітэхніцы прыблізна па 30-ць мільёнаў злотых. Агулам ВНУ Польшчы атрымаюць у наступным годзе 3 мільярды злотых. Міністр гаварыў пра павышэнне фінансавання не толькі самых прэстыжных ВНУ, але і іншых навуковых цэнтраў.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя