Справы 1934-1939 г. Арышты, допыты і расстрэлы ў матэрыяльным вымярэнні
Клопат Савецкай Радзімы пра сваіх грамадзянаў вызначаўся ў СССР і ў матэрыяльным эквіваленце – у залежнасці ад карысці, якую той ці іншы грамадзянін тае радзіме прыносіў. Лозунг “ад кожнага па здольнасцях, кожнаму – па працы” быў замацаваны і ў Канстытуцыі 1936 года.
Чэкісцкая праца лічылася адной з самых адказных, небяспечных і цяжкіх. І, напэўна, адной з самых карысных для савецкага грамадства. Для супрацоўнікаў НКВД ствараліся найлепшыя ўмовы не толькі на працы, але і пасля яе, а таксама для адпачынку. У клопаце партыі і ўраду прачытваўся і немудрагелісты падтэкст: маўляў, у разе чаго вы, дарагія таварышы, вы можаце пазбавіцца ўсіх гэтых раскошаў жыцця, недаступных шэраговаму савецкаму чалавеку, а таму будзьце паслухмянымі і не задавайце залішніх пытанняў пра ворагаў народа, якіх маеце рэпрасаваць.
* * *
Міф пра беззаганных рыцараў рэвалюцыі ў пацёртых скуранках, якія не спалі дні і ночы, елі бульбяное лушпінне і згаралі на працы, прыдуманы ў трыццатых гадах тымі ж рыцарамі. Чэкісцкія “спецпайкі” яшчэ за часамі Дзяржынскага і Менжынскага былі куды каларыйнейшымі, чым у звычайных грамадзянаў.
У першай палове трыццатых гадоў для супрацоўнікаў Дзяржбяспекі, знясіленых бясконцымі вярбоўкамі, допытамі, арыштамі і расстрэламі, арганізавалі і сетку санаторыяў – лепшую ў СССР.
СОВЕРШЕННО СЕКРЕТНО
ПРИКАЗ НАРОДНОГО КОМИССАРИАТА ВНУТРЕННИХ ДЕЛ
за 1934 год
В целях развития санаторно-курортного лечения работников органов начсостава пограничной, внутренней, пожарной охраны и школ НКВД, —
Приказываю:
- Организовать в составе АХУ НКВД Санаторно-курортный отдел, на который возложить:
а) организацию санаторно-курортного лечения работников органов НКВД и начсостава частей и школ НКВД;
б) руководство всей медицинской и административно-хозяйственной службой санаторий и домов отдыха НКВД;
в) приобретение санаторно-курортных мест в других организациях;
г) централизованное распределение всех санаторно-курортных путевок;
(…)
Заместитель Народного комиссара внутренних дел Союза ССР Г. Прокофьев
Усяго было загранізавана 20 санаторыяў на 2283 месцы, што, безумоўна, было мала –калі браць пад увагу апарат НКВД, які штогод павялічваўся. У наступныя часы сетка чэкісцкіх санаторыяў разраслася да неверагодных памераў; выправіцца ў адпачынак з марскімі, горнымі ці азёрнымі краявідамі мог кожны ахвочы.
Зарплаты супрацоўнікаў НКВД былі несупаставіма вышэйшымі, чым у шэраговых савецкіх грамадзянаў. Датаго ж, прадугледжвалася і абавязковая даплата – найнакш, як “за шкоднасць”…
ИЗ РАПОРТА ЗАМ. НАРКОМУ ВНУТРЕННИХ ДЕЛ УССР, КОМИССАРУ ГОСУДАРСТВЕННОЙ БЕЗОПАСНОСТИ ІІ РАНГА ТОВ. КАЦНЕЛЬСОНУ
С момента введения новых ставок по приказу НКВД Союза № 025, т. е. с 1 февраля 1936 г., в соответствии с Вашим распоряжением, Финансовым отделом на протяжении 1936 г. производилась доплата к зарплате сверх установленного оклада по должностям следующим сотрудникам Наркомата:
ПО СЕКРЕТАРИАТУ НКВД
Должность: сотрудник для поручений.
Оклад по приказу 025: 325 руб.
Размер доплаты: 75 руб.
Установленный оклад: 400 руб.
Делопроизводитель.
Оклад по приказу 025: 250 руб.
Размер доплаты: 125 руб.
Установленный оклад: 375 руб.
Стенографистка.
Оклад по приказу 025: 375 руб.
Размер доплаты: 125 руб.
Установленный оклад: 500 руб.
Усяго штаты “рэспубліканскіх” сакратарыятаў НКВД складалі 25 чалавек плюс амаль столькі ж “прыкамандыраваных”, прытым сярод апошніх, разам з фельд’егерамі і шыфравальшчыкамі, былі нават буфетчыкі і цырульнікі.
Міжволі паўстае пытанне: а якія зарплаты былі ў іншых савецкіх грамадзянаў?
У тым жа 1936 годзе афіцыйная сярэдняя зарплата ў БССР складала 166 рублёў. Машыніст паравоза атрымліваў каля 190 рублёў, інжынер з вышэйшай адукацыяй – 240 рублёў, чарнарабочы – каля 50 рублёў, кваліфікаваны рабочы на буйным прадпрыемстве – 140-160 рублёў, доктар з навуковай ступенню – ад 200 да 270 рублёў, настаўнік пачатковай школы – ад 90 да 130 рублёў.
Кошты ўсё ў тым жа 1936 годзе былі такімі. Кілаграм пшанічнай мукі каштаваў 4 рублі 65 капеек, бохан белага хлеба – 1 рубель 70 капеек, кілаграм ялавічыны – ад 6 да 9 рублёў, літр алея – ад 14 да 16 рублёў, поўлітры гарэлкі – 6 рублёў 35 капеек.
У газеце “Праўда” і іншых савецкіх газетах рэгулярна друкаваліся інфармацыі пра тое, што партыя і ўрад зніжае кошты на муку, хлеб, алей і мяса. Але праз колькі дзён у тых жа газетах з’яўляліся паведамленне пра знікненне з крамаў мукі, хлеба, алея і мяса, а таксама заклікі пакараць шкоднікаў…
Аднак чэкісты не стаялі ў чэргах, не гандляваліся на рынках за кожную капейку і не бегалі па гарадах у пошуках дэфіцытных тавараў. Яшчэ з сярэдзіны дваццатых гадоў для супрацоўнікаў ГПУ-ОГПУ-НКВД была створаная адмысловая сістэма спецразмеркавальнікаў дзе, акрамя недасяжных для шэраговых савецкіх грамадзянаў дэлікатэсаў, можна было купіць і рэчы расстраляных па самых нізкіх коштах.
Акрамя магчымасці адпачываць у санаторыях, доступу ў спецразмеркавальнікі, высокіх зарплат, даплат і прэмій, чэкісты мелі права першачарговага атрымання кватэраў (нярэдка – канфіскаваных у рэпрэсаваных), першачарговага залічэння ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама процьму розных дробных, але вельмі прыемных ільготаў: транспартных і камунальных.
Праўда, пра чэкісцкія зарплаты, кватэры і санаторыі іншыя савецкія людзі не ведалі: дакументы, якія тычыліся ільготаў, сувора сакрэціліся.
* * *
Зрэшты, у НКВД быў яшчэ адзін спосаб узбагачэння, пра які я і распавяду у наступнай перадачы.
Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя, архіў Службы Бяспекі Украіны
Радыё Рацыя дзякуе Цэнтральнаму Галіноваму Архіву СБ Украіны, г. Кіеў, за прадстаўленыя матэрыялы, архіўную справу Фонд 13, вопіс 1, адзінка захавання 480 і архіўную справу Фонд 9, т. 1
На фотаздымку: супрацоўнікі НКВД у ведамасным санаторыі г. Сочы. Фотаздымак з рэсурса “Мемарыяла” прадстаўлены ў якасці ілюстрацыі