Праваабаронцы ў Берасці раздалі звыш 600 экземпляраў спецвыпуску “Народнай волі”
Сябры праваабарончага цэнтра “Вясна” у Берасці раздалі звыш 600 экземпляраў спецвыпуску “Народнай волі” у рамках кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання ў Беларусі”. Пад час раздачы дыскутавалі з людзьмі.
«Прыемна здзівіла, што ў адрозненне ад мінулага году, ні знайшлося ніводнага чалавека, які катэгарычна быў бы за смяротнае пакаранне», – кажа праваабаронца Уладзімір Вялічкін:
— Такіх, хто быў катэгарычна “За”, не было. Былі такія, што сказалі “За”, але потым, калі пачыналі разважаць, адразу ўзнікаюць, “але”, “або”, “таму” і “трэба прыглядацца”.
Паводле Уладзіміра Вялічкіна, Беларусь павінна калі не адмяніць смяротнае пакаранне, то ўвесці на яго мараторый:
— На сённяшні дзень у дзяржаве дастаткова сродкаў, каб увесці статут усё ж такі пажыццёвага зняволення. Фармаванне грамадскай думкі ў першую чаргу залежыць усё ж такі ад сродкаў масавай інфармацыі і ад той палітыкі, якую праводзіць дзяржава.
Па падліках праваабаронцаў, за час незалежнасці ў Беларусі было расстраляна каля 400 чалавек. Толькі адзін асуджаны да смяротнага пакарання быў памілаваны прэзідэнтам. Паводле практыкуючага берасцейскага адваката, жорсткія прысуды не ўплываюць на скарачэнне цяжкіх злачынстваў.
Поўны матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле:
Беларускае Радыё Рацыя