Партыя БНФ перадала ў Адміністрацыю прэзідэнта прапановы па святкаванні Дня Волі – 2019



Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў 11 кастрычніка перадаў у Адміністрацыю прэзідэнта прапановы па святкаванні Дня Волі ў 2019 годзе.

У прыватнасці, паведаміў БелаПАН палітык, сёння ён сустрэўся з намеснікам кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімірам Жаўняком. „Галоўная тэма маёй размовы тычылася пытанняў таго, як будзе адзначацца Дзень Волі ў наступным годзе, а таксама рэалізацыі некаторых прапаноў партыі аб святкаванні 100-годдзя БНР у гэтым годзе. У тым ліку размова ідзе аб правядзенні тэматычных канферэнцый і мерапрыемстваў, а таксама ўстаноўцы памятнай дошкі на доме, дзе была 100 гадоў таму абвешчана беларуская дзяржава”, — расказаў палітык.

План святочных мерапрыемстваў у Дзень Волі 25 сакавіка ў наступным годзе пакуль абмяркоўваецца „толькі папярэдне, ёсць розныя прапановы”, дадаў ён.

Пісьмовы адказ на зварот, паводле слоў Кастусёва, паабяцалі ў адміністрацыі даць ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны.

БелаПАН