Пра напалеонаўскі размах



На ўездзе ў Магілёў, з боку Менскай шашы, з’явіўся новы архітэктурны аб’ект, які выклікаў неадназначнае стаўленне з боку жыхароў горада. Гарадскія ўлады, заручыўшыся падтрымкай Аляксандра Лукашэнкі, пабудавалі даволі ўнушальную трыумфальную арку. Будоўля ішла каля года. На ўзвядзенне 17-метровай спаруды, паводле афіцыйных звестак, пайшло каля 750 тысяч беларускіх рублёў. Недзяржаўныя СМІ мяркуюць, што гэтая сума істотна заніжаная. Гаворка можа ісці ажно пра 2 мільёны долараў у эквіваленце.

У працэсе будаўніцтва трыумфальнай аркі мясцовыя дэмакратычныя актывісты і краязнаўцы звярталі ўвагу на недарэчнасць дадзенага аб’екта. Прадстаўнікі сацыял-дэмакратаў заяўлялі, што на выдаткаваныя грошы можна было б пабудаваць некалькі сацыяльных установаў альбо нават шматкватэрны дом. Кіраўнік партыі БНФ Рыгор Кастусёў накіраваў да магілёўскіх уладаў зварот, у якім прасіў размясціць на арцы беларускамоўныя надпісы, а не рускамоўныя, як гэта выглядала паўсюль на макетах. У выніку, можна сказаць, грамадскасць адначасова перамагла і прайграла. Арку, вядома, пабудавалі, нягледзячы на аргументы апанентаў. Затое надпіс “Стваральнікам Магілёва ў гонар 750-годдзя горада” з абодвух бакоў помніка стаў беларускамоўным. Але эклектычнасці ад гэтага не паменела. На пабудове таксама размясцілі два ордэны савецкіх часоў: ордэн Вялікай Айчыннай вайны і ордэн Леніна. За стагоддзі свайго існавання Магілёў бачыў дзясяткі войн і аблогаў, але стваральнікі аркі вырашылі не пераймацца лішняй інфармацыяй. У выніку пабудавалі класічны каланіяльны аб’ект, які працягвае рэтрансляваць камуністычны наратыў. А вось з ордэнам Леніна ўвогуле выйшаў казус. Справа ў тым, што ў часы СССР ордэн Леніна як знак дасягненняў у камуністычным будаўніцтве атрымала ўся Магілёўская вобласць, але не абласны цэнтр. Таму ніякага дачынення да гэтага ордэна непасрэдна горад не мае.

Але блытаніна з ордэнамі – гэта не адзінае, што здзіўляе ў магілёўскай арцы. Нягледзячы на адсылку да савецкай гісторыі, у самым версе помніка – герб горада з “Пагоняй” і рыцарам, які трымае ў руках меч. Гісторыя магілёўскага герба дастаткова сімвалічная. Гараджане атрымалі права на свой геральдычны знак з рук караля Яна Казіміра ў 1661 годзе пасля антымаскоўскага паўстання, у выніку якога за адну ноч быў выразаны цэлы гарнізон элітных войскаў чужынцаў. Уся гэтая мяшанка сімвалаў на трыумфальнай арцы – прамое адлюстраванне мазаічнай ідэалогіі беларускай дзяржавы, якая саромеецца дарасейскага мінулага свайго народа, пры гэтым занадта цыкліцца на савецкім перыядзе.

У канчатковым выглядзе магілёўская арка зусім не адпавядае той ролі, якую выконвалі аналагічныя збудаванні ва ўсім свеце. Яшчэ з часоў Cтаражытнага Рыма трыумфальныя аркі будаваліся ў гонар значных вайсковых перамог ці дасягненняў. Знакамітая Аrc de Triomphe у Парыжы была ўзведзеная па распараджэнні імператара Напалеона для ўвекавечання перамог ягонай “Вялікай арміі”. Калі мне не здраджвае памяць, ніякіх перамог беларускага войска за чвэрць века незалежнасці не было. На шчасце, незалежная Беларусь не ўдзельнічала ні ў якіх вайсковых канфліктах сучаснасці. Адпаведна, Магілёўская арка – нейкая горадабудаўнічая недарэчнасць, якая ў большай ступені звязаная са самасцвярджэннем уладаў, чым з гісторыяй Магілёва. У гэтым сэнсе арка – нашчадак пірамід Старажытнага Егіпту, якія будаваліся насуперак цвярозаму розуму і законам эканомікі.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ