Сінод РПЦ у Менску „дасць належную ацэнку” дзеянням Канстанцінопальскага патрыярхату
Сінод Рускай праваслаўнай царквы на пасяджэнні 15 кастрычніка ў Менску „дасць належную ацэнку” дзеянням Канстанцінопальскага патрыярхату ў дачыненні да аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царквы, якой тая дамагаецца.
11 кастрычніка сінод Канстанцінопальскага патрыярхату зняў анафему з непрызнанага кіеўскага патрыярха Філарэта, якую ў 1997 годзе наклаў на яго Маскоўскі патрыярхат „за раскол”. Тое ж зрабіў Канстанцінопаль у дачыненні да кіраўніка Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя. Гэта прамежкавае рашэнне на шляху надання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.
„Канстанцінопальскім патрыярхатам здзейсненае беспрэцэдэнтна антыкананічнае дзеянне, якое з’яўляецца спробай разбурэння асноў праваслаўнага кананічнага ладу. Інакш нельга ацаніць заяву Канстанцінопаля аб уступленні ў кананічныя зносіны з раскольнікамі і з асобай, адлучаны ад царквы„, – заявіў старшыня сінадальнага аддзела па ўзаемаадносінах РПЦ з грамадствам і СМІ Уладзімір Легойда, якога цытуе інтэрнэт-партал Беларускай праваслаўнай царквы.
Паводле слоў прадстаўніка РПЦ, апеляцыя Канстанцінопальскага патрыярхату да кананічнай прэрагатывы разглядаць падобныя звароты — гэта новая тэорыя, якую падтрымлівае пераважна сам Канстанцінопаль.
Акрамя таго, Канстанцінопаль адмяніў сінадальны ліст ад 1686 года, які даў патрыярху Маскоўскаму права пасвяціць мітрапаліта Кіеўскага, абранага саборам духавенства і вернікаў яго епархіі.
Для ўдзелу ў пасяджэнні сінода ў Менск 13 кастрычніка прыляціць патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл (Гундзяеў). Запланаваная яго сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам. БелаПАН