Украіна запусціць пасля 1 снежня тэлеканал на тэрыторыю Беларусі?



Украіна плануе запусціць вяшчанне канала UATV у Беларусі. Пра гэта заявіў віцэ-прэм’ер – міністр рэгіянальнага развіцця і ЖКГ Генадзь Зубко ў каментары каналу „Прямий” 11 кастрычніка.

Зубко паведаміў, што ў Беларусі прайшло паседжанне ўкраінска-беларускай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы. „Мы абмяркоўвалі пытанне запуску пасля 1 снежня канала UATV на тэрыторыі Беларусі. Гэта мы разглядаем як эканамічны інструмент і магчымасць інфармавання Беларусі пра тое, што адбываецца ва Украіне з гледзішча эканомікі, прыцягнення інвестыцый і турыстычнага патэнцыялу”, – сказаў міністр.

Таксама ён адзначыў, што працягваецца падрыхтоўка да першага рэгіянальнага ўкраінска-беларускага саміту, які адбудзецца ў Гомелі. На ім будуць прадстаўлены 13 абласцей Украіны, 60 прадпрыемстваў, чакаецца падпісанне да 20 пагадненняў.

 UATV – украінскі тэлеканал вытворчасці дзяржпрадпрыемства „Мультымедыйная платформа інавяшчання Украіны”. Ён працуе з 1 кастрычніка 2015 года, трансляцыя ідзе на пяці мовах: украінскай, расейскай, ангельскай, арабскай і крымскататарскай.

Беларускае Радыё Рацыя