Лукашэнка – Пуціну: Магілёў больш рускі, чым беларускі



Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін правялі сустрэчу перад пленарным пасяджэннем V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі 12 кастрычніка ў Магілёве.

Кароткі сюжэт пра сустрэчу двух кіраўнікоў дзяржаў паказалі ў эфіры тэлеканала „Беларусь 1”. Пазней стэнаграма іх размовы была апублікаваная на сайце прэзідэнта РФ.

Лукашэнка вітаў Пуціна „на магілёўскай зямлі”, на якой расейскі прэзідэнт, на думку яго беларускага калегі, „адчувае сябе як дома”.

„Гэта такі горад, я б нават сказаў, больш рускі, чым беларускі, таму што гэта ўсход Беларусі. Заўсёды рад бачыць вас тут. Шмат што зроблена да гэтага Форуму рэгіёнаў. Прыязджайце ў любы час. Гэта часткова і мая радзіма, я вам расказваў, дзе я хадзіў басанож, вучыўся, працаваў, таму ў мяне добрыя ўспаміны пра гэты горад. І калі вы калі-небудзь пагодзіцеся ці захочаце прыехаць сюды, я заўсёды буду чакаць тут і прымаць, як у сябе дома. Як вы ў Піцеры нас прымаеце”, — заявіў ён.

Лукашэнка адзначыў, што гэта сустрэча для прэзідэнтаў дзвюх краін „не апошняя сёлета”. „У нас гэта не апошняя сустрэча ў гэтым годзе, яшчэ запланавана сустрэча ў Астане, потым у Маскве. Фінішныя размовы ў нас заўсёды ў нашым саюзе ЕАЭС”, — растлумачыў беларускі лідар.

Пуцін пацвердзіў, што ў будучыні запланавана „яшчэ некалькі сустрэч такога роду”, але падкрэсліў, што „справа нават не ў гэтых сустрэчах”, паколькі прэзідэнты заўсёды ў кантакце адзін з адным, а ў тым, што гэта „чарговы рубеж — вельмі цікавы і карысны для супрацоўніцтва”.

Расійскі прэзідэнт падзякаваў Лукашэнку за запрашэнне на форум, а жыхарам Магілёва — за гасціннасць. Паводле яго слоў, горад „вельмі мілы, сімпатычны, прыбраны, прыгожы”. „Хачу сказаць словы падзякі і кіраўнікам горада, таму што яны ўтрымліваюць яго ў вельмі прыстойным стане — відаць па стане дарог, навакольнага інфраструктуры, у якім яна стане знаходзіцца”, — адзначыў Пуцін.

„Упэўнены, што праца ў гэтыя дні будзе вельмі карыснай, таму што нашы з вамі ўзаемныя намаганні арганізацыі працы на „верхнім паверсе”, што называецца, будуць паспяховыя толькі ў тым выпадку, калі яны дапаўняюцца эфектыўнай працай нашых калег у рэгіёнах Расіі і Беларусі. Тым больш што прамых кантактаў, сапраўды, вельмі шмат, і досыць эфектыўна арганізаваных”, — заявіў ён.

Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі праходзіць 10—12 кастрычніка ў Магілёве. Яго цэнтральным мерапрыемствам з`яўляецца пленарнае пасяджэнне, прысвечанае „прыярытэтным кірункам развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва”.

На пленарным пасяджэнні прысутнічаюць кіраўнікі Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, кіраўнікі шэрагу міністэрстваў і ведамстваў, выканаўчых і заканадаўчых органаў дзяржаўнай улады суб`ектаў РФ і абласцей Беларусі, прадстаўнікі буйнога бізнесу, грамадскіх і навуковых арганізацый.

Інфармацыйнай кампаніі БелаПАН адмоўлена ў акрэдытацыі на форум без тлумачэння прычын.

belapan.by

Фота sputnik.by і Российская газета