Лукашэнка і Пуцін наведалі аграгарадок Александрыя
Пасля заканчэння афіцыйных мерапрыемстваў V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі 12 кастрычніка ў Магілёве Аляксандр Лукашэнка запрасіў Уладзіміра Пуціна на сваю малую радзіму ў аграгарадок Александрыя Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці.
„Сюды беларускі лідар запрашае толькі самых блізкіх і паважаных гасцей, сяброў. Дарэчы, раней тут ужо бываў расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў”, — расказалі ў эфіры навін тэлеканала „Беларусь 1”.
Кіраўнікі дзяржаў агледзелі домік, дзе рос Лукашэнка. У яго родным доме Уладзімір Пуцін пакаштаваў бліны і дранікі з печы. У беларускім стылі быў пададзены і асноўны абед.
Лукашэнка і Пуцін перамяшчаліся па вёсцы на мадэрнізаваным аўтамабілі „ГАЗ-69” 1960-х гадоў. За рулём быў Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнікі дзяржаў таксама пабывалі на Трафімавай крыніцы. Крыніцу з прыроднай вадой аднавілі паводле даручэння Лукашэнкі. Ён правёў для свайго калегі экскурсію па добраўпарадкаванай тэрыторыі. Пуцін пакаштаваў ваду з крыніцы.
„Сапраўды, улічваючы прыгажосць антуражаў, абодвум прэзідэнтам удалося аднавіцца пасля сённяшніх шматгадзінных перамоў. Пасля такіх цёплых зносін, ветлівай сустрэчы, кіраўнік беларускай дзяржавы асабіста праводзіў свайго калегу”, — паведамілі ў тэлеэфіры.