Мікалая Статкевіча павінны перавесці з турмы ў калонію
12-га студзеня экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Мікалая Статкевіча павінны перавесці з турмы ў калонію. Ён паведаміў пра гэта журналісту Барысу Вырвічу. Ён пражывае ў Бялынічах Магілёўскай вобласці і вядзе перапіску з апазіцыйным палітыкам.
«У калонію сапраўды павінны перавесці. Гэта мусіць адбыцца, калі скончацца тры гады турэмнага рэжыму, на якія асудзілі. Тут маглі пры адсутнасці спагнанняў вярнуць ў калонію і праз паўтара года, але гэта не для «палітычных». З калоніі могуць вярнуць зноў сюды, але маёй пазіцыі гэта не зменіць », – цытуе ўрывак з ліста Статкевіча праваабарончы сайт “Вясна”.
Зняволены палітык таксама паведаміў, што да яго даходзяць не ўсе лісты з волі. У прыватнасці, па словах Вырвіча, Статкевіч напісаў, што не атрымліваў ад яго лістоў ўжо некалькі месяцаў, хоць журналіст кожны месяц дасылае палітвязню ліст або паштоўку з апошнімі навінамі з жыцця актывістаў дэмсіл Магілёўскай вобласці.
58-гадовы Мікалай Статкевіч – адзіны кандыдат у прэзідэнты Беларусі, які да гэтага часу ў зняволенні. У траўні 2011 года суд Ленінскага раёна Менска прысудзіў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19-га снежня 2010 года.