Праціўнікаў акумулятарнага завода працягваюць выклікаць у міліцыю
Як мінімум чатырох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу „АйПаўэр”, позвамі выклікалі ў Ленінскі РАУС горада Берасця. Пра гэта паведамляюць актывісты ў сваім Viber чаце. Усіх чатырох, выклікаюць на 12:00 14 кастрычніка, акурат на час пачатку штонядзельнай акцыі па „кармленні галубоў” на плошчы Леніна.
Кажа праваабаронца Раман Кісляк, якога таксама выклікаюць у міліцыю на гэты час, у якасці асобы ў адносінах да каторай вядзецца адміністрацыйны працэс:
– У прынцыпе, гэта распаўсюджана, на жаль. Міліцыя сама справакавала гэтыя падзеі, канфлікт. І каб потым не шукаць доўга ні на вуліцы, ні дзе, вырашылі такім чынам падоўжыць рэпрэсіі.
На думку Рамана Кісляка, актывістаў выклікаюць, каб выключыць іх магчымы ўдзел у нядзельным пратэсце пад назвай „кармленне галубоў”. Пачынаючы ад 5 сакавіка, штотыдзень праціўнікі будаўніцтва завода АКБ выходзяць на плошчу Леніна каб „пакарміць галубоў”. Такім чынам яны выказваюць пратэст ініцыятарам будаўніцтва і недавер мясцовым уладам.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце.