Зацверджаная праграма стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для электрамабіляў
Савет міністраў Беларусі зацвердзіў праграму стварэння дзяржаўнай зараднай сеткі для электрамабіляў. Адпаведнае рашэнне замацаванае пастановай ад 10 кастрычніка 2018 года № 731.
Як паведамляе прэс-служба ўрада, мэтай праграмы з’яўляецца стварэнне ў краіне развітай сеткі электразарадных станцый (ЭЗС) па аказанні якасных і даступных паслуг зарадкі электрамабіляў, якая забяспечыць камфортнае і бесперашкоднае перамяшчэнне электрамабіляў па тэрыторыі рэспублікі і будзе адпавядаць сусветным стандартам.
Праграмай прадугледжанае стварэнне да 2030 года 1.304 ЭЗС, у тым ліку 1.224 — у населеных пунктах і 80 — на ўсіх асноўных аўтамагістралях з адлегласцю паміж дзвюма найбліжэйшымі станцыямі 50—70 км.
Мяркуецца таксама ўстаноўка 25 суперхуткіх электразарадных комплексаў у гарадах абласнога падпарадкавання і Мінску і на асноўных аўтамагістралях з адлегласцю паміж дзвюма найбліжэйшымі станцыямі 120—150 км.
Паказчыкі развіцця дзяржаўнай зараднай сеткі для электрамабіляў могуць быць адкарэктаваныя з улікам тэмпу развіцця парку электрамабільнага транспарту ў краіне і агульнасусветных тэндэнцый развіцця зараднай інфраструктуры.
Рэалізацыя праграмы прадугледжвае тры этапы.
На першым этапе (да 2021 года ўключна) мяркуецца размяшчэнне 431 ЭЗС у Менску і найбольш прыярытэтных месцах абласных цэнтраў і на аўтадарогах катэгорый „М” і „М/Е”. Другі этап будзе ажыццяўляцца ў 2022—2025 гадах пры ўмове павелічэння колькасці электрамабільнага транспарту ў Беларусі да ўзроўню больш за 10 тыс. адзінак. Рэалізацыя трэцяга этапу запланаваная на 2026—2030 гады з улікам павелічэння колькасці электрамабільнага транспарту да больш як 25 тыс. адзінак.
Функцыі па стварэнні і развіцці дзяржаўнай зараднай сеткі для аўтамабіляў ажыццяўляе дзяржаўны аператар — РУП „Вытворчае аб’яднанне „Беларуснафта”. Фінансаванне праграмы прадугледжанае за кошт уласных сродкаў дзяржаўнага аператара.
Дакумент прыняты ў адпаведнасці з указам прэзідэнта ад 10 ліпеня 2018 года № 273 „Аб стымуляванні выкарыстання электрамабіляў” і ўваходзіць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання.
belapan.by