Еўразвяз зацвердзіць новыя санкцыі супраць Расеі 15 кастрычніка
Кіраўнікі міністэрстваў замежных спраў краін-удзельніц Еўразвязу зацвердзяць 15 кастрычніка новыя санкцыі супраць Расеі з-за мяркуемага прымянення хімічнай зброі і атручвання ў Солсберы былога супрацоўніка ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Пра гэта піша «Интерфакс» са спасылкай на прэс-рэліз МЗС Вялікабрытаніі.
Падпісанне санкцыйнага рэжыму адбудзецца на паседжанні Еўразвязу ў Люксембургу. Адзначаецца, што ініцыятарамі ўводзінаў санкцый сталі ўрады Вялікабрытаніі і Францыі.
Паводле інфармацыі The Telegraph, санкцыі ўвядуць супраць кіраўнікоў выведвальных ведамстваў Расеі і іх паплечнікаў, адказных за мяркуемую хімічную атаку. Ім будзе абмежаваны ўезд у Еўразвяз, а іх замежныя рахункі замарозяць.
Мяркуецца, што санкцыйны рэжым закране не толькі Расею, але і іншыя краіны, якія злавілі на парушэнні забароны на прымяненне хімічнай зброі. „Цягам многіх гадоў дзеіць міжнароднае табу на прымяненне хімічнай зброі, аднак пасля Сірыі і Солсберы забарона знаходзіцца пад пагрозай. Цяпер мы павінны падвесці чырвоную рысу для ўсіх тых, хто спрабуе выкарыстоўваць гэтую жахлівую зброю. Яны павіны ўсведамляць, што адказнасць за гэта будзе занадта высокай”, – заявіў кіраўнік брытанскага МЗС Джэрэмі Хант.
Напомнім, што Скрыпалі былі атручаны 4 сакавіка ў брытанскім горадзе Солсберы. Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Тарэза Мэй заявіла, што іх атруцілі нэрвова-паралітычным рэчывам, і ўсклала адказнасць за атручанне на Расею.
Беларускае Радыё Рацыя