Беларускі народны фэст у Мілейчыцах
Беларускае грамадска-культурнае таварыства завяршыла сёлетні сезон летніх беларускіх фэстаў мерапрыемствам у Мілейчыцах. Побач з мясцовым вясковым клубам прайшоў канцэрт беларускай песні ў выкананні калектываў з Падляшша, а таксама гасцей з Беларусі. Гэтым разам быў менскі калектыў “Ігрыца”.
Кажа Васіль Сегень з Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы:
– Апошняя сустрэча з цыкла гэтых 10 народных фэстаў, якія шмат гадоў ладзіць Беларускае грамадска-культурнае таварыства. У гэтым годзе яно крышку перасунулася ў часе па розных прычынах, незалежных ад нас. Таму так пазнавата заканчваецца гэты летні сезон. Мілейчыцы – такая адроджаная кропка на гэтай мапе, дзе беларускія народныя фэсты, якія ладзіць БГКТ, зноў з’явіліся.
28 кастрычніка Беларускае грамадска-культурнае таварыства запрашае ў Беласток, дзе ў памяшканні таварыства па вуліцы Варшаўскай, 11 пройдзе 5 выпуск конкурсу “Спяваючыя сем’і”. Пачатак у 15 гадзін.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара