У Менску праходзіць пасяджэнне Святога сінода РПЦ



Пасяджэнне Святога сінода Рускай праваслаўнай царквы (РПЦ) пад старшынствам патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла праходзіць 15 кастрычніка ў Менскім епархіяльным упраўленні.

Згодна з праграмай візіту кіраўніка РПЦ у Беларусь, пасяджэнне павінна было пачацца ў 11.00. У сустрэчы ўдзельнічаюць 12 праваслаўных іерархаў, у тым ліку мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел, патрыяршы экзарх усяе Беларусі.

Пасяджэнне праходзіць за зачыненымі дзвярыма. Чакаецца, што паводле вынікаў сустрэчы старшыня сінадальнага аддзела Маскоўскага патрыярхату па ўзаемаадносінах царквы з грамадствам і СМІ Уладзімір Лягойда правядзе брыфінг для прэсы.

Пасля прыбыцця ў Менск 13 кастрычніка патрыярх Кірыл паведаміў журналістам, што членам Святога сінода трэба будзе вырашыць „вельмі шмат важных пытанняў”, у тым ліку адрэагаваць на дзеянні Канстанцінопальскага патрыярхату, які пачаў працэс па даванні аўтакефаліі праваслаўнай царкве ва Украіне.

Кіраўнік прэс-службы маскоўскага патрыярха іерэй Аляксандр Волкаў у той жа дзень заявіў прэсе, што адказ на дзеянні Канстанцінопальскага патрыярхату будзе „адэкватным і жорсткім”. „Святы сінод выкажа цалкам пэўную недвухсэнсоўную пазіцыю адносна заяў і рашэнняў, якія былі прынятыя ў Стамбуле”, — падкрэсліў ён.

У красавіку прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка звярнуўся да канстанцінопальскага патрыярха Варфаламея з просьбай выдаць томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царквы ва Украіне. Яго падтрымалі некананічныя Украінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату і Украінская аўтакефальная праваслаўная царква, але не падтрымала афіцыйная УПЦ Маскоўскага патрыярхату.

22 красавіка Святы сінод Канстанцінопальскага патрыярхату афіцыйна прыняў гэты зварот да разгляду. 7 верасня патрыярхат апублікаваў камюніке, у якім паведамлялася аб прызначэнні двух іерархаў экзархамі ва Украіне.

У адказ на гэта Святы сінод РПЦ, які лічыць Украіну сваёй кананічнай тэрыторыяй, абвінаваціў патрыярха Варфаламея ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы іншай памеснай царквы і прыняў рашэнне прыпыніць кантакты з Канстанцінопальскім патрыярхатам.

11 кастрычніка Сінод Канстанцінопальскага патрыярхату адмяніў дзеянне ўказа 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату, а таксама зняў анафему з непрызнанага кіеўскага патрыярха Філарэта, якую ў 1997 годзе наклаў на яго Маскоўскі патрыярхат „за раскол”. Тое ж зрабіў Канстанцінопаль у дачыненні да кіраўніка Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Макарыя. Гэта прамежкавае рашэнне на шляху давання аўтакефаліі Украінскай праваслаўнай царкве.

belapan.by

Фото patriarchia.ru