Зборку рэактара першага энергаблока БелАЭС плануецца завяршыць 17 снежня



Зборку рэактара першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі плануецца завяршыць 17 снежня, паведаміў замежным журналістам — удзельнікам прэс-тура на будпляцоўку БелАЭС, які адбыўся на мінулым тыдні, віцэ-прэзідэнт кампаніі „АСЭ” (інжынірынгавы дывізіён расейскай дзяржкарпарацыі „Расатам”), часовы выканаўца абавязкаў кіраўніка праекта збудаванні станцыі Віталь Палянін. Стэнаграма прэс-канферэнцыі апублікаваная на сайце Міністэрства энергетыкі.

11 кастрычніка мы плануем першую падачу вады з ракі на помпавыя станцыі першага і другога пад’ёму, якія гатовыя для гэтай аперацыі, — сказаў Палянін. — У канцы лістапада мы плануем выпрацаваць першы пул з хімічнай вады, неабходнай для таго, каб пасля зборкі рэактара запоўніць першыя контуры і выйсці на халодную і гарачую абкатку абсталявання ядзернай устаноўкі. У цяперашні час ідзе „праліў” аварыйных сістэм на адкрыты рэактар„.

Згодна з графікам, мы плануем завяршыць гэтыя работы 22-23 кастрычніка і затым пачаць зборку рэактара для правядзення этапу гідраўлічных выпрабаванняў. У гэты час замест паліва ў рэактар будуць загружаныя імітатары, якія цяпер ужо знаходзяцца на пляцоўцы. Зборку рэактара мы маем намер завяршыць 17 снежня і пачаць гідраўлічныя выпрабаванні першага контуру. У студзені будуць праведзеныя выпрабаванні, якія цалкам адпавядаюць рэальным умовам функцыянавання сістэм„, — паведаміў віцэ-прэзідэнт „АСЭ”.

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк адзначыў, што будаўнічыя работы на першым энергаблоку завершаныя на 98%. „Будынкі і збудаванні гатовыя амаль на 100%. Мантаж асноўнага абсталявання практычна завершаны, і па ўсіх тэхналагічных сістэмах сёння вядуцца пусканаладачныя работы”, — сказаў ён.

Будаўніцтва другога энергаблока станцыі, паводле слоў чыноўніка, завершанае больш чым на 95%, цяпер вядзецца мантаж асноўнага абсталявання.

Беларуская АЭС ўзводзіцца пад Астраўцом (Гарадзенская вобласць) за кошт крэдыту Расеі па тыпавым расійскім праекце ВВЭР-1200. Крэдытная лінія да 10 млрд долараў на будаўніцтва станцыі адкрыта да 2035 года. Пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў лістападзе 2018 года. Увод у эксплуатацыю першага энергаблока запланаваны на снежань 2019 года, другога — на ліпень 2020-га.

БелаПАН