Беларусь і Расея падпісалі балансы паставак харчавання на 3 млрд долараў
Падчас пятага форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які прайшоў 10—12 кастрычніка ў Магілёве, бакі падпісалі балансы ўзаемных паставак харчавання на 2019 год на 3 млрд долараў, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску 15 кастрычніка начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Беларусі Аляксей Багданаў.
Паводле яго слоў, беларускім і расейскім ведамствам у пытанні ўзаемных паставак за апошнія гады „ўдалося знайсці агульную мову і адзін аднаго чуць”. Багданаў пры гэтым падкрэсліў, што РФ не можа не ўлічваць інтарэсы ўласных вытворцаў.
„Нас папракалі ў тым, што мы пастаўляем больш танную сыравіну на расійскі рынак і ў сувязі з гэтым канкуруем з вытворцамі сырога малака ў Расіі. Зараз атрымліваецца так, што расійская сыравіна трохі даражэйшая за беларускую. Тут пакуль аб’ектыўнасць на нашым баку. Але разам з тым у рамках апошняй сустрэчы з расійскімі калегамі і распрацоўкі балансаў на 2019 год мы з усёй адказнасцю заяўляем, што мы адзін аднаго пачулі і знайшлі гармонію„, — падкрэсліў прадстаўнік міністэрства.
Ён удакладніў, што беларускі бок знізіць аб’ёмы паставак у Расею харчовай сыравiны ў выглядзе сухога і канцэнтраванага малака, аднак крыху павялічыць аб’ёмы паставак гатовай прадукцыі. „Гэта сыры, натуральнамалочная прадукцыя, тварог, ёгурты, кефір, смятана, мяса”, — пералічыў начальнік упраўлення.
Адначасова балансамі прадугледжана і павелічэнне экспарту расейскага харчавання ў Беларусь. „У гэтым плане знойдзенае паразуменне, выгаднае абодвум бакам”, — сказаў на заканчэнне Багданаў. БелаПАН