„Ахвяры сэксуальнага гвалту – яднайцеся!”
У нашу рэдакцыю звярнулася Наста Захарэвіч – як яна напісала, “маладая беларуска з велізарнай ідэяй, якая баліць”. Наста – ахвяра сэксуальнага гвалту, зараз рыхтуе разнастайныя медыйныя матэрыялы на гэтыя тэмы, “гатовая распавядаць, не прыкрываючы твару і не хаваючы імя”.
Гутару з 21-гадовай прыгажуняй, што падпісваецца ў інтэрнэце “Наста-сонейка”. І бачу, якім вострым і напружаным становіцца погляд вачэй, калі гаворыць, пра тое, што “баліць”. Як з 10-ці да 12-ці год падвяргалася гвалту з боку айчыма – вурдалака ў мужчынскім абліччы.
Наста: Я была на мяжы “цяжкага” падлеткавага ўзросту. Гэта ў юрыспрудэнцыі называецца “гвалтоўныя дзеянні супраць непаўнагадовай”. Як такіх, сэксуальных актаў не было, але ён распускаў рукі, як хацеў – шмат, часцяком і падоўгу. Да нейкага часу псіхіка абаранялася і гэтыя ўспаміны не ўсплывалі, але ў нейкі момант яны ўсё больш пачалі “гвалтаваць” саму сябе знутры. Зразумела, што нельга пра гэта плакаць ціхенька ў падушку, а трэба гаварыць на поўны голас – каб іншыя жанчыны бачылі што не адныя, хто трапілі ў падобную сітуацыю. І саромецца павінны не мы, а тыя, хто ГЭТА з намі зрабіў! Таму аднойчы распавяла сваю гісторыю ў закрытай інтэрнэт-суполцы, атрымала да сотні водгукаў у падтрымку, а таксама з падобнымі гісторыямі іншых жанчын. Увогуле, большасць баіцца, што пасля абнародвання зведаюць абразы з боку старонніх людзей. Гвалтаўнік жа застанецца “чыстым”.
РР: Ты цвердзіш у сваім допісе, што ахвяру ніколі нельга вінаваціць. Чым часцяком займаецца і міліцыя…
Наста: Так! Туды і не хочуць звяртацца, бо ахвяра пры гэтым праходзіць “букет” непрыемных працэдур і часам жахлівых для псіхікі дыялогаў. Я магу прапанаваць кожнай жанчыне паводзіць сябе так, як яна лічыць прымальным у канкрэтнай сітуацыі. Калі не мае сіл прайсці праз УСЁ, каб выкрыць злачынцу, не трэба сябе вінаваціць.
РР: Ты цвердзіш адначасова, што родныя і блізкія робяць памылкі ў размовах з ахвярамі сэксуальнага гвалту…
Наста: Так, ілжыва супакойваюць – маўляў, нічога жахлівага не адбылося, усё пройдзе, забудзь! Гэта не ад таго, што не любяць, ці ім цяжка прыняць, што іх блізкага згвалцілі, збілі. Гэта ІХ псіхічная абарона. Іншы варыянт – абвінавачанне ахвяры. Гэта калі дзяўчыне, што знаходзіцца ў стане падаўленасці, пачынаюць “дабіваць” яе ж родныя – “ты заслужыла, што з табой здарылася, ты была “неправільна” апранутая, не ў тым месцы і не ў той час, не выходзь з дома ў цёмны час на вуліцу”. Гэта для чалавека яшчэ горш – ахвяра не зрабіла нічога, каб стаць ахвярай! Нават забойства можа быць апраўданай самаабаронай. Гвалт – той тып злачынства, які не можа быць апраўданы ніякімі сродкамі.
РР: Яшчэ “атрымліваюць” брыдкія жарты…
Наста: Жарт – форма ўлады. Калі “жартуюць” на тэмы гвалту, я не пацісну такім людзям рукі. Яшчэ горш, калі такую жоўць “разносяць” СМІ. Ахвяру гэта часам прыводзіць да істэрыкі, дэпрэсіі.
РР: Жаданне дапамагчы ахвярам прымусіла цябе далучыцца да айчыннага грамадскага гендэрнага праекта “Make out”…
Наста: Мы пішам артыкулы, дзе ўздымаем праблемы выхавання дзяцей, узаемадачыненняў паміж дарослымі. Бо лічым, што наяўнасць у грамадзстве процьмы гвалтаўнікоў – акурат вынік патрыярхальнага сямейнага выхавання. Калі хлопчык павінен усяго дасягаць сілай, а дзяўчнка мусіць быць пакорлівай і прыносіць у ложак гарбатку ў маленькіх кубачках. Ахвярам сэксуальнага гвалту хачу сказаць галоўнае – НЕ АДЧАЙВАЦЦА! Выцягваць мусіце сябе самі. Калі не маеце сілаў – жывіце, як можаце. Калі пачнеце выкарасківацца – рабіце чарговыя крокі. Злуйцеся на свет і гэта злосць будзе добрым матыватарам!
Наста Захарэвіч са сваёй тэмай далучылася да нацыянальнага гендэрнага праекта “Make out”. З яе наступнымі доследамі і сустрэчамі мы будзем знаёміць і слухачоў-чытачоў “РР”.
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара