Барыс Жаліба: Бензін можа даражэць і ў наступным годзе
Эканаміст Барыс Жаліба распавёў, да якога часу будуць падвышацца цэны на аўтамабільнае паліва.
З 14 кастрычніка чарговы раз змяніліся рознічныя цэны на аўтамабільнае паліва, кошт традыцыйна вырас на 1 капейку. Гэта ўжо дваццатае падвышэнне паліва з пачатку году.
У канцэрне “Белнафтахім” адзначаюць, што беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ) “працягваюць працаваць у складаных умовах апераджальнага росту цэнаў на нафту ў параўнанні з цэнамі на нафтапрадукты”.
Барыс Жаліба: Кіраўніцтва НПЗ апошнім часам пастаянна стогне і распавядае, як складана працаваць пры нізкіх унутраных цэнах на паліва. Маўляў, каб выйсці на рэнтабельную працу, трэба, каб цэны выраслі на 23 адсоткі. Вось мы і бачым ужо дваццатае падвышэнне коштаў на аўтамабільнае паліва па 1 капейцы кожным разам. Такім чынам і выходзяць на рэнтабельны рубеж – за кошт аўтааматараў.
РР: Калі спыніцца рост цэнаў на паліва?
Барыс Жаліба: Мы ўжо практычна зраўняліся з цэнамі на бензін у Расеі, але да канца году падвышэнне будзе працягвацца. Рэзерв падвышэння яшчэ не вычарпаны, нават у наступным годзе гэты працэc можа працягнуцца.
РР: Можа варта было б не кожны тыдзень па капейцы падвышаць цэны, а зрабіць гэта, скажам, у тры этапы?
Барыс Жаліба: Мне падаецца, што так і на cамай справе было б лепш, бо штотыднёвае падвышэнне коштаў вельмі нервуе людзей. Але тут ва ўладаў большая прастора “для творчасці”. Прывучаюць народ, што цэны павінны падвышацца не нашмат, але пастаянна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота Sputnik Беларусь