Угасанне камуністычнага наратыву



Калі спалучыць неспалучальнае (крэатыў і БРСМ), то ў выніку атрымаецца паб-квіз у гонар 100-годдзя ленінскага камсамолу. Калі нехта не ведае, кастрычнік у Беларусі праходзіць пад знакам гэтага сумнеўнага юбілея. Па ўсёй Беларусі з нагоды дадзенай даты праводзяцца сотні розных імпрэз. Прынамсі, пра гэтыя планы паведамляюць сайты раённых арганізацый праўладнага саюза моладзі і дзяржаўная прэса. Калі паглядзець сетку мерапрыемстваў, то адразу становіцца зразумелым, што ідэолагі і сакратары БРСМ не надта перапрацаваліся. Такое адчуванне, што ім зверху спусцілі план, а яны, не доўга думаючы, залезлі ў пыльныя шуфляды зачыненых чвэрць стагоддзя таму метадычных кабінетаў, дзе і знайшлі сцэнары розных круглых сталоў, канферэнцый і конкурсаў з арыгінальнымі назвамі кшталту “Гісторыя краіны – гісторыя камсамолу”.

Увогуле хацелася б паглядзець каштарысы ўсіх гэтых мерапрыемстваў у гонар 100-годдзя камсамолу ў Беларусі. Не сумняюся, што на гэтыя грошы можна было б рэканструяваць які-небудзь помнік архітэктуры ці купіць апарат МРТ для раённай бальніцы. Але дзяржаўныя ідэолагі расстаўляюць прыярытэты інакш. Іншага, зрэшты, і быць не можа, калі Міністэрства адукацыі ўзначальвае камуніст.

Маштабнае святкаванне 100-годдзя камсамолу наўрад ці заўважыць нашае грамадства, якому даўно няма справы да піянерскіх барабанаў, горнаў, цімураўцаў, студатрадаў і іншых атрыбутаў камуністычнага эпасу. Памятаю, як пару гадоў таму назад праводзіў апытанне ля помніка Леніну ў цэнтры Гомеля пра асобу правадыра кастрычніцкага перавароту. З некалькіх дзясяткаў рэспандэнтаў толькі пару чалавек змаглі штосьці больш-менш уцямнае сказаць пра заснавальніка Савецкай дзяржавы рабочых і сялян. А моладзь у асноўным паціскала плячыма і выказвала здагадку, што “Ленін – гэта, відаць, нейкі беларускі прэзідэнт”. Такія адказы выклікалі ў мяне дваістае стаўленне. З аднаго боку, відавочна, у краіне адбываецца дэградацыя гуманітарнай адукацыі. З іншага, радуе, што цяперашняя моладзь не замбуецца з самога дзяцінства апавяданнямі Міхаіла Зошчанкі пра тое, як Валодзя Ульянаў кінуў паліць ці абдурыў у турме царскіх жандармаў. Таму сотні сумных круглых сталоў з нагоды 100-годдзя камсамолу – гэта міжсабойчык, такі сабе амаль бяскрыўдны варыянт інкапсуляцыі, калі б не за бюджэтныя грошы.

Пакуль ідэолагі зморшчваюць лбы з усёй моцы, каб спарадзіць хоць нейкі камсамольскі крэатыў, недзе ў сталічнай майстэрні пакрываецца пылам дошка ў гонар ІІІ Устаўной граматы, у якой абвяшчалася незалежнасць Беларусі ў 1918 годзе. Калі людзі нешта лічаць насамрэч важным, іх не трэба разнарадкамі заганяць на нейкія афіцыёзныя мерапрыемствы. Прыклад гэтаму – збор сродкаў на дошку ў гонар 100-годдзя БНР, які ажыццявіўся за некалькі гадзін. Але зверху дазволу на ўсталяванне помнага знаку так і не далі, таму пытанне з ушанаваннем чыну айцоў-заснавальнікаў беларускай дзяржавы падвісла ў паветры.

Беларускае Радыё РАЦЫЯ