У Берасці асудзілі блогераў Кабанава і Пятрухіна



Другі дзень у Берасці адбываюцца суды над удзельнікамі акцыі пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага завода, якая адбылася 14 кастрычніка.

 

Сяргей Пятрухін

Суддзя Ленінскага суда Берасця прызнаў вінаватым у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах блогера Сяргея Пятрухіна і прысудзіў яму 5 сутак адміністрацыйнага арышту.

Аляксандр Кабанаў

Такі ж вырак — 5 сутак арышту — вынес суддзя Святаслаў Каліна блогеру Аляксандру Кабанаву. Аднак пасля прысудаў блогераў не забралі адбываць пакаранне, яны на свабодзе. Паведамляе наш карэспандэнт Мікола Ляшкевіч:

— Павінны накіраваць у ізалятар, яны так лічаць. Але зараз адбываецца нейкае непаразуменне. Абодва застаюцца на волі і чакаюць ля будынка суда: дзе ўзяць гэтую пастанову, чаму няма канвою. Праваабаронцы выказваюць здагадкі пра тое, што хутчэй за ўсё іх могуць нават зараз не завесці ў ізалятар,а а забраць у зручны момант, напрыклад, перад чарговай акцыя па кармленні галубоў.

Рашэнне каментуе Сяргей Пятрухін:

— У прынцыпе,  сутак — гэта нармальна. Пяць сутак для матроса — гэта пыл.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін:

— Гэта найбольш актыўныя змагары за экалогію горада Берасця, за здароўе грамадзян. Яны неаднаразова выходзілі на акцыі супраць гэтага завода. Яны аўтарытэты для берасцейцаў. Прычым аўтарытэты абсалютныя. Іх ужо не першы раз прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасці: былі штрафы, былі арышты.

Абодвух арыштавалі непадалёк плошчы Леніна, адразу пасля нядзельнага „кармлення галубоў” – штотыднёвай акцыі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу. Разам з дзесяткам іншых пратэстоўцаў, іх адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання Ленінскага РАУС, дзе абодва знаходзіліся да вечара панядзелка. З улікам праведзеных сутак у РАУСе, Пятрухіну з Кабанавым засталося адседзець яшчэ чацьвёра сутак.

Напярэдадні 5 сутак арышту за ўдзел у той жа акцыі атрымаў і палітык Мікола Статкевіч. Яшчэ 7 чалавек былі пакараныя штрафамі. Яшчэ невядома, што будзе з праваабаронцам Раманам Кісляком, які паводле позву пайшоў у міліцыю, але адтуль ужо не вярнуўся.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя