Усё больш беларусаў з’язджае на працу за мяжу
З Беларусі бягуць не толькі мазгі, але і рукі больш маладых і здаровых людзей. Няма працы, але калі яна нават ёсць, то за вельмі смешныя грошы, кажа жыхар Бярозы Ігар Берднік. За першыя заходнія заробкі яшчэ ў 90-х Берднік набыў дом.
Цяперашняе сваё жыццё Ігар, які мае карту паляка, звязаў з Польшчай і Амерыкай. Пасля году жыцця ў Амерыцы, аддае перавагу Еўропе, кажа Ігар Берднік:
– Я стаміўся працаваць рукамі. У мяне баліць рука, у мяне баліць спіна. Мне 46. Амерыка – гэта краіна, дзе трэба працаваць. Працаваць вельмі актыўна. У іх такі рытм жыцця, яны такія крыху працаголікі. У Еўропе да гэтага больш спакойна ставяцца. Амерыканцы – у іх усё праца, праца, праца… Я не хачу так працаваць. У мяне проста няма такога здароўя, уставаць у 5.40 раніцы, або у 4.30 і ехаць на 5.30 на працу, затым бяжаць з працы у 10 вечара.
Паводле Ігара Бердніка, у Амерыку лепш ехаць маладым. Дарэчы, адна з яго дачок пераехала на сталае жыццё ў Амерыку, другая – заканчвае універсітэт у Варшаве. У Беларусі Берднік бывае наездамі. Аб вяртанні ў Беларусь пытанне не стаіць.
Беларускае Радыё Рацыя