Яцэк Жалек: «Беласток мае стаць “брамай на Захад” для беларусаў і “брамай на Усход” для жыхароў Еўразвязу



Сярэдні заробак у Беластоку трэба давесці да пяці тысяч злотых, што на тысячу больш, чым цяпер. Акрамя таго, неабходна прыцягваць у горад інвестараў, ствараць умовы для жыцця і развіцця моладзі. Важнасць гэтага адзначыў у інтэрв’ю для нашага радыё кандыдат на пасаду прэзідэнта Беластока, якога падтрымлівае кіроўная партыя “Права і Справядлівасць”, Яцэк Жалек.

Палітык мае сваю прапанову вялікага інвестыцыйнага праекту:

— Будаўніцтва цэнтра спорту і адпачынку для аздараўлення і рэабілітацыі. Карыстаючыся атуленнем Кнышынскай пушчы так, каб беластачане не мусілі да найбліжэйшага аквапарку едзіць у Сувалкі ці Друскенікі, але так, каб мы маглі прымаць у госці нашых сяброў з-за усходняй мяжы, якія прыязджаюць сюды па пакупкі, але каб яны маглі карыстацца не дарагім, але якасным адпачынкам і, каб Беласток, быў першым прыпынкам у Еўразвязе для нашых братоў з Усходу.

Палітык звяртае ўвагу на карысці ад суседства з Беларуссю. На яго думку, Беласток мае стаць “брамай на захад” для беларусаў і адначасна “брамай на ўсход” для жыхароў краін Еўрапейскага звязу:

— З аднаго боку нам здаецца, што мы пакінутыя і з гэтым мы настолькі прымірыліся, што ўжо нічога і не мусім рабіць, а з іншага боку — мы забываем пра свае абавязкі і пра тое, што партнёртсва з Беларуссю адкрывае нам шлях да заваявання не толькі гэтай часткі Еўропы, але і свету.

Мясцовыя выбары ў Польшчы пройдуць у бліжэйшую нядзелю 21 кастрычніка. На пасаду прэзідэнта Беластока прэтэндуюць пяць чалавек, у тым ліку цяперашні прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі, якія кіруе горадам ужо на працягу 12 гадоў.

Поўную гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле:

Гутарыла Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя