Што думаюць жыхары Глыбокага пра сямейны гвалт?



У Беларусі распрацоўваецца законапраект “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”. 20 год краіна ідзе па гэтым шляху і пакуль ніяк не можа прыняць адпаведнага закону. Кіраўнік дзяржавы рэзка выказаўся супраць яго. На думку ўладаў, гэта не глабальная і не нацыянальная праблема.

Паводле  інфармацыі Міністэрства ўнутраных спраў, штогод рэгіструецца больш за 120 тысяч сямейна-бытавых канфліктаў, што складае  дзясятую частку ад усіх зарэгістраваных фактаў.

Мы запыталіся ў жыхароў Глыбокага, ці патрэбны закон у гэтай сферы, каб абараніць ахвяру і пакараць таго, хто чыніць гвалт.

– Канешне, трэба, калі мужчына ўзнімае руку на дзяцей, або бацькі на дзяцей, або мужчына на жанчыну, то нейкі закон трэба прыняць.

– А трэба разабрацца, чаго ён рукі распускае. Можа і трэба распускаць рукі. Гэта ўласнная справа кожнай сям’і. Законаў, мне здаецца, дастаткова, калі іх правільна прымяняць, то любога скандаліста можна паставіць на месца.

– У мяне двое дязцей, гэта страшна, калі сутыкнуцца з нечым такім. Трываць, я лічу, гэта глупа. Трэба неяк з гэтым змагацца.

– Канешне, таму што ўсякае бывае.  Можа так ударыць, што потым чалавек інвалідам застанецца.

– Я не ведаю. У кожнага сваё разуменні жыцця. Нічым не дапаможаш, сваё разуменне трэба мець.

Цяпер сямейна-бытавыя канфлікты ў Беларусі маюць тры класіфікацыі: фізічны, псіхалагічны і сэксуальны гвалт. Але эксперты прапанавалі ўвесці такое паняцце, як эканамічны гвалт.

Пакуль у Беларусі не прыняты законапраект “Аб супрацьдзеянні хатняму гвалту”. А вось 150 краінаў свету ўжо маюць спецыялізаванае заканадаўства пра гвалт у сям’і.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя