На мяжы з Расеяй не плануюць ствараць міжнародныя пункты пропуску



Неабходнасці ў ўстаноўцы міжнародных пунктаў пропуску на беларуска-расейскай мяжы на аўтамабільным кірунку няма. Пра гэта заявіў журналістам 16 кастрычніка ў Палаце прадстаўнікоў старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо.

„Расейцы ад нас нічога не патрабуюць. У нас адзіная мяжа Саюзнай дзяржавы. Беларусь усталёўваць такія пункты пропуску не збіраецца”, – сказаў ён.

Лапко прызнаў, што адсутнасць міжнародных пунктаў пропуску на сухапутнай мяжы Беларусі і Расеі стварае некаторыя цяжкасці для грамадзян трэціх краін. У прыватнасці, расейскі бок дазваляе ўезд замежнікаў толькі праз міжнародныя пункты пропуску, таму паехаць з Беларусі ў Расею і наадварот на аўтамабільным або чыгуначным транспарце яны не могуць.

„Некаторыя нязручнасці ёсць для грамадзян трэціх краін. Але гэтыя трэція краіны павінны весці перамовы з расейскім бокам, а не з намі, – сказаў Лапо. – Мы свае дамоўленасці выконваем, і ніякіх патрабаванняў па перамяшчэнні па нашай тэрыторыі няма. А там іншая дзяржава – і яны самі гаспадары сваёй зямлі„.

zviazda.by